У першую нядзелю ліпеня ля Кургана Дружбы

7 июля 2014
У першую нядзелю ліпеня ветэраны з Беларусі, Расіі і Латвіі, паводле традыцыі, збіраюцца ля Кургана Дружбы. Ён быў насыпаны 55 гадоў таму на стыку трох саюзных рэспублік у памяць аб сумеснай барацьбе партызан трох рэспублік з лютым ворагам. Больш як 500 чалавек сталі ўдзельнікамі цяперашняй сустрэчы. Тым, хто будзе падтрымліваць гэтую традыцыю і праз 45 гадоў, ветэраны заклалі капсулу з пасланнем. На Кургане Дружбы пабывала і наш карэспандэнт Вольга Маслоўская.


Сямігадовая Насця Сакалова з Даўгаўпілса на Кургане Дружбы ўпершыню. Пакуль яна нічога не ведае пра гісторыю гэтага месца, але вельмі хоча зразумець, чаму яе бабуля і дзядуля імкнуцца прыязджаць сюды кожнае лета.

Курган Дружбы быў насыпаны паўстагоддзя таму партызанамі і падпольшчыкамі трох суседніх рэспублік. Зямлю сюды прывозілі з магіл воінаў Савецкай арміі. Ён - сімвал франтавога братэрства, гераічнасці і самаадданай любові да Радзімы.
У гады вайны ў гэтых месцах быў разгорнуты сур'ёзны партызанскі і падпольны рух.
Цяперашняя сустрэча на Кургане Дружбы - 55-я. Гасцей прымала Беларусь. Гэты год знакавы не толькі для нашай краіны. Пскоўская вобласць Расіі ў жніўні таксама адзначыць 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ветэраны напісалі пасланне нашчадкам аб міры, сяброўстве і згодзе. Капсулу вырашана адкрыць на юбілейнай сотай сустрэчы.
Ветэранам вайны ўручылі памятныя медалі ў гонар юбілейнай сустрэчы на Кургане Дружбы. У святочны дзень на мемарыяльным комплексе адкрылася капліца. Яе асвяцілі ў гонар заступніка воінаў Сергія Раданежскага. Каб прыехаць сюды яшчэ раз, людзі пакідалі манеты - іх кідалі ў раку, якая працякае па лініі дзяржаўных межаў.


Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя