У парламенце плануюць разгледзець паслабленне па некаторых відах наркатычных злачынстваў

10 июня 2019

Паслабленне ў заканадаўстве па некаторых відах наркатычных злачынстваў  плануюць разгледзець у парламенце 13 чэрвеня.  Тэндэнцыя да зніжэння злачынстваў у гэтай сферы паказала,  што падыходы да пакарання можна адкарэктаваць.  Чакаецца, што ніжні парог пакарання  будзе зніжаны на два гады.  Для рэалізатараў будзе прадугледжана адказнасць  не ад 5, а ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.  Для груп, службовых асоб і так званых паўторнікаў - не ад 8, а ад 6 да  15 гадоў.  Гэта дазволіць прымяняць пакаранне індывідуальна і  дыферэнцыявана. 

Васіль Чакан, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "Уваходзілі прадстаўнікі  грамадства, у тым ліку і "Маці 328", і сваякі іншых асуджаных, мы іх не дзялілі. Усіх запрашалі, яны сумесна ўдзельнічалі ў нашай працы. Удзельнічалі ў працы і прадстаўнікі міжнародных арганізацый, ААН, навукоўцы, праваахоўнікі, эксперты. Г.з. мы ўсебакова разглядалі гэта пытанне".

Апошні раз  змяненне ў наркаартыкулы ўносіліся пяць гадоў таму, у 2014 годзе. Неабходнасць узмацнення жорсткасці пакарання ў гэтай сферы была прадыктавана  цяперашняй крымінагеннай сітуацыяй  і адсутнасцю заканадаўчых норм, якія дазвалялі б адэкватна на яе рэагаваць.  Дзейсныя і своечасовыя меры дэкрэта  № 6 дазволілі збіць хвалю наркагандлю і смяротных выпадкаў, асабліва ў асяроддзі падлеткаў.  Меры былі накіраваны  ў першую чаргу  на абарону інтарэсаў дзяцей і моладзі.