У парадзе да Дня Незалежнасці прымуць удзел каля 280 адзінак тэхнікі

1 июня 2017

Легендарны танк Перамогі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры, самаходныя ўсталёўкі і ракетныя комплексы. У Беларусі працягваюцца трэніроўкі механізаванай калоны да Дня Незалежнасці. Сёлета ў парадзе прымуць удзел каля 280 адзінак тэхнікі. Гледачы змогуць убачыць і навінкі ваенна-прамысловага комплексу - сярод іх бронемашына "Кайман". Трэніроўкі праходзяць тры разы на тыдзень.

Уладзімір Кулажын, намеснік камандуючага войскамі паўночна-заходняга аператыўнага камандавання УС Беларусі: "Для падрыхтоўкі параднага разліку адабраныя самыя лепшыя і дысцыплінаваныя вайскоўцы, якія падчас падрыхтовак будуць павышаць сваё вадзіцельскае майстэрства, веданне тэхнічнай часткі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, і ў тым ліку маршавыя падрыхтоўкі. Усяго ў парадным разліку маецца да 30% узораў узбраення і тэхнікі, якія мадэрнізаваныя і вырабленыя на айчынных прадпрыемствах".

Завершацца трэніроўкі да канца месяца. Генеральныя рэпетыцыі пройдуць у Мінску 24 і 28 чэрвеня каля стэлы "Мінск - горад-герой". Ваенны парад адбудзецца ў Дзень Незалежнасці - 3 ліпеня.