У аздараўленчых цэнтрах гэтыя канікулы правядуць больш за 50 тысяч школьнікаў

6 июня 2018

У Мінскай вобласці стартаваў сезон летняга дзіцячага адпачынку. Сёлета ў аздараўленчых цэнтрах свае канікулы правядуць больш за 50 тысяч школьнікаў. Сярод іх і госці з Кітая, Сірыі, Японіі.

Больш падрабязна - Аляксандра Кавеліч.

Звыклую лядовую пляцоўку сёння замяняе лёгкаатлетычная дарожка. Каб зімой паказваць высокія вынікі, юныя фігурысты і на летніх канікулах старанна адпрацоўваюць фліп і аксель, вучацца рабіць більман - пакуль без канькоў.

У гэтым аздараўленчым лагеры пад Мінскам размясціўся сапраўдны алімпійскі гарадок. Юныя плыўцы, баскетбалісты, канькабежцы і на канікулах падтрымліваюць добрую фізічную форму, разам з тым удзельнічаюць у камандных конкурсах і пазнавальных турнірах.

А тут літаральна на вачах ажываюць саламяныя фігуры. У суседнім класе самыя малодшыя майструюць цацкі-сувеніры. Лагер пад Валожынам прыняў першых гасцей яшчэ напрыканцы мая - адразу больш за 300 чалавек.

Гульні, эстафеты, пазнавальныя экскурсіі. Праграма адпачынку тут разлічана на дзяцей рознага ўзросту. Аб'ядноўвае ўсіх адна зялёная тэма. Усе квэсты і конкурсы з акцэнтам на вывучэнне экалогіі.

Як сарціраваць смецце і зберагаць электраэнергію. Свае экаідэі школьнікі разам увасабляюць у тэатральных пастаноўках і музычных шоу.

Каб канікулы прайшлі не толькі актыўна, але і з карысцю, у аздараўленчых лагерах арганізоўваюць профільныя і тэматычныя змены. Ад паглыбленага вывучэння замежнай мовы да знаёмства са сферай ІТ. Атрымаць новыя веды і адпачыць перад новым навучальным годам у лагерах Мінскай вобласці змогуць больш як 50 тысяч школьнікаў.