У аздараўленчым лагеры "Купалінка" прайшлі спартыўныя спаборніцтвы

16 июня 2016

Эстафеты, валейбол і майстар-клас ад сапраўдных байцоў. У аздараўленчым лагеры "Купалінка", што ў Маладзечанскім раёне, сёння прайшлі спартыўныя спаборніцтвы. Акцыю "Чыстае сэрца" ладзяць чацвёрты год запар. Дзеці спаборнічаюць за пераможны кубак. Праграма разнастайная - акрамя спартакіяды, праводзяць выступленні супрацоўнікаў МНС, міліцыі і кінолагаў. Юлія Токар працягне тэму.

Яны з запалам перацягваюць канат, ахвотна спаборнічаюць у эстафетах і валейболе. Амаль паўтары тысячы юнакоў і дзяўчат Мінскай вобласці далучыліся да спартыўнай акцыі «Чыстае сэрца». Чацвёрты год запар яе ладзяць у аздараўленчым лагеры - непадалёку ад Маладзечна. Замест звыклага распарадку дня - спаборніцтвы за пераможны кубак. Сярод арганізатараў - каталіцкая епархія.

Тэрыторыю лагера падзялілі на некалькі тэматычных пляцовак. Тут можна было пасядзець у міліцэйскай патрульнай машыне і нават паспрабаваць сябе ў ролі пажарнага - прымераць цяплоадбівальны касцюм і каску. Рукапашны бой і акрабатычныя элементы прадэманстравалі байцы спецназу.

За маёй спінай - майстар-клас ад прафесійных кінолагаў. Па камандзе аўчаркі пераадольваюць метровыя платы, імправізаваныя разбураныя масты і аконныя праёмы. Ускладняюць практыкаванні палаючыя факелы.

Свайго чатырохлапага Крафта кінолаг Дзяніс Гальмак дрэсіруе другі год. Ад элементарных каманд «сядзець» і «побач» - да спецыяльных пошукавых аперацый.

Удзельнікі спартыўнай акцыі ахвотна сачылі за дзействам на розных пляцоўках. Такія мерапрыемствы выхоўваюць духоўна і ўмацоўваюць, аздараўляюць фізічна. Кожны аздараўленчы лагер імкнецца падрыхтаваць сваю праграму - карысную і пазнавальную. Усяго ж у цэнтральным рэгіёне - 65 месцаў летняга адпачынку для дзяцей. Незабыўныя ўражанні ад першай змены атрымаюць амаль 50 тысяч юнакоў і дзяўчат.