У Авальнай зале парламента гаварылі аб развіцці сацыяльнай сферы

31 мая 2017

Пытанні працаўладкавання, аховы здароўя, рэфармавання сістэмы адукацыі і развіцця спорту гучалі на дыскусіі ў парламенце

Актуальныя пытанні працаўладкавання, аховы здароўя, рэфармавання сістэмы адукацыі і развіцця спорту. Гэтыя тэмы сёння гучалі на вялікай дыскусіі ў парламенце. Урад звяраў свае крокі з пазіцыяй дэпутатаў. У прыватнасці, мінімальныя і сацыяльныя пенсіі сёлета будуць адкарэкціраваныя яшчэ двойчы - у жніўні і лістападзе. У прыярытэце - не дапусціць паніжэння ўзроўню жыцця людзей. У Авальнай зале закранулі і тэму, якая ў апошні час шырока абмяркоўваецца ў грамадстве, - рэфармаванне сярэдняй школы. Рацыянальны рэжым яе працы вызначаць у найбліжэйшы час. У перспектыве і рашэнне праблемы крокавай даступнасці дзіцячых садоў. Змяненні зарануць і ўступную кампанію. Прапановы па ўдасканаленні правілаў прыёму распрацуюць ужо сёлета. Пасяджэнне абедзвюх палат парламента доўжылася 2 гадзіны. Аб чым яшчэ гаварылі сёння - падрабязнасці з Авальнай залы ў Святланы Лук'янюк.

Раз на месяц віцэ-прэм'еры з левага крыла Дома ўрада прыходзяць у правае - вотчыну Палаты прадстаўнікоў - на сумеснае пасяджэнне парламента.

Яшчэ да сённяшняга пасяджэння ўрад прымаў пытанні ад дэпутатаў і сенатараў пісьмова. Іх накіравалі больш за 40. Але самыя дыскусійныя і спрэчныя гучалі, вядома, прама з месцаў у Авальнай зале. Львіная доля датычылася сістэмы аховы здароўя і занятасці насельніцтва.

Адказ ад урада трымаў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко. Ён упершыню на гэтай пасадзе ў Авальнай зале. У Саўміне адказвае за сацыяльную сферу. Аб гэтым гаварыў і з трыбуны. Паабяцаў, што пенсіі пералічаць сёлета яшчэ двойчы - 1 жніўня і 1 лістапада, каб яны не былі ніжэйшыя за 40 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па краіне. Новыя падыходы і па выплаце пенсій для некаторых катэгорый вайскоўцаў. Па іх гатовы ўжо і ўказ.

А вось прапановы па страхаванні ад беспрацоўя ўсё яшчэ абмяркоўваюцца і ў рэальны дакумент пакуль не выліліся. Дзяржава гатова падставіць плячо тэм, хто трапіў пад аптымізацыю або скарачэнне. Але пакуль тэрміны з'яўлення новага дакумента не агучваюцца.

Што датычыцца школ, віцэ-прэм'ер засведчыў: рацыянальны механізм змены рэжыму працы атрымаем ужо ў найбліжэйшы час. Ён жа - прыхільнік пачатку заняткаў у 9 раніцы. Бацькам раіць дамаўляцца з наймальнікамі, а не вадзіць да 8. Але галоўнае пытанне - ці пачуюць іх дырэктары.

Віцэ-прэм'ер упэўнены: праз тры гады атрымаецца вырашыць праблему крокавай даступнасці дзіцячых садоў. Сёлета дзверы адчыняць 14 новых з іх. А гэта 2 з паловай тысячы месцаў. А вось незапатрабаваныя спецыяльнасці ў ВНУ, наадварот, будуць скарачаць. У большай ступені эканамічнага і юрыдычнага профіляў. Перагледзяць і правілы прыёму ва ўніверсітэты.

Некалькі каментарыяў у парламенце прагучала і ад міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. У прыватнасці, журналістаў цікавіў ход праверкі ў дачыненні кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта.

Гаворачы аб аптымізацыі структуры МУС, кіраўнік падкрэсліў: скарочана больш за тысячу пасад. Пры гэтым 99% - гэта вакантныя стаўкі. Шмат пытанняў ад дэпутатаў да віцэ-прэм'ера і міністраў было прыватнага характару. У Полацку, напрыклад, бальніцу будуюць ужо 6 гадоў. Як разгрузіць паліклінікі і захаваць перасоўныя станцыі дыягностыкі, а таксама абмежаваць час і месцы продажу спіртнога. Сярод агульных тэм - кампенсаванне ўкладаў савецкіх часоў, паднімаецца яна не аднойчы.

Увогуле 2 дзясяткі пытанняў і 2 гадзіны адказаў на іх. Такі вынік сумеснага пасяджэння. У сенатараў працоўны дзень на гэтым не скончыўся. У другой палове дня на сесіі яны прынялі шэраг міжнародных ратыфікацый. Аб правілах рэгулявання дзяржзакупаў у СНД. Гэта роўны доступ да гандлю для ўсіх вытворцаў краін Садружнасці. Без бар'ераў. А з Турцыяй мы адкрываем зялёны калідор для тавараў.

Апроч заканадаўчай працы, была сёння і прыемная місія. Уручэнне ўзнагарод - медалёў і памятных знакаў ад Савета МПА СНД беларускім дзяржаўным дзеячам і кіраўнікам, якія ўнеслі найбольшы ўклад у міжпарламенцкую дзейнасць Садружнасці.