У аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў "Ластаўка" ствараюць прастору для творчасці

27 апреля 2017

А ў гэтым месцы людзям з абмежаванымі магчымасцямі даюць шанц на паўнавартаснае жыццё. Дзякуючы аддзяленню дзённага знаходжання інвалідаў Вілейскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання за апошнія 5 гадоў 15 чалавек знайшлі працу. Штодзень тут дапамагаюць не толькі рабіць самастойныя крокі ў жыцці, але і ствараюць прастору для творчасці. За сваю дзейнасць і дапамогу маламабільным людзям кіраўнік аддзялення Святлана Паўлава сёлета атрымала ганаровае званне “Чалавек года Міншчыны”. Наталля Кузьміцкая з падрабязнасцямі.

Яшчэ 8 гадоў таму жыццё Аляксандра Крупенчыка нічым не адрознівалася ад іншых. Пасля арміі знайшоў працу, стварыў сям'ю, планаваў будучыню, але карэктывы ў гэтыя планы ўнесла аўтамабільная аварыя, несуцяшальны вердыкт медыкаў і перспектыва правесці ўсё жыццё ў інвалідным крэсле.

Толькі вера ў свае сілы, падтрымка сям'і і «Ластаўкі» - аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Вілейскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва - дапамаглі ў прамым і пераносным сэнсе ўстаць на ногі.

Сёння Аляксандр працуе ў невялічкім сувенірным аддзеле Вілейскага краязнаўчага музея, а таксама працягвае рэабілітацыю ў «Ластаўцы». Як і Сяргей Шупенька, для якога гэтае месца хутчэй другі дом, куды ён заўсёды ахвотна вяртаецца.

У «Ластаўцы» асаблівыя людзі не толькі вучацца рабіць самастойныя крокі ў жыцці, але і атрымліваюць галоўнае - падтрымку ад тых, хто сэрцам разумее бяду. Кіраўнік і ідэйны натхняльнік Святлана Паўлава не любіць акцэнтаваць увагу на ўласных дасягненнях, затое заўсёды ахвотна дзеліцца поспехамі сваіх выхаванцаў.

Па карцінах, якія ўпрыгожваюць сцены аддзялення, бачна, што аб'ядноўвае выхаванцаў «Ластаўкі» і цяга да творчасці.

Усе вырабы зроблены выхаванцамі аддзялення. Сёння аддзяленне наведваюць 20 чалавек, але сюды вяртаюцца і тыя, каго «Ластаўка» у самы складаны момант змагла акрыліць, зноў навучыла «лятаць». Летам выхаванцы аб'яднання - выпускнікі і валанцёры - збяруцца на ўжо традыцыйны сумесны адпачынак у аздараўленчым цэнтры з сімвалічнай назвай «Надзея».