У Оршы прайшоў семінар ідэалагічнага актыву Віцебскай вобласці

18 февраля 2014

Асаблівая роля ў правядзенні кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы адводзіцца рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі. Такі пункт гледжання выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў. Сёння з яго ўдзелам у Оршы прайшоў семінар ідэалагічнага актыву Віцебскай вобласці.


Новыя падыходы ў працы з насельніцтвам разам з удзельнікамі семінару шукала і Вольга Маслоўская.


Тут кожны першакласнік у падарунак абавязкова атрымлівае Буквар Аршанскі. На старонках - уся гісторыя роднага краю, ад А да Я ў літаральным сэнсе. Р - Рагвалодаў камень, Е - Евангелле Аршанскае. Малым з самага дзяцінства расказваюць пра тое, што часам, на жаль, не ведаюць і шматлікія дарослыя.


33 літары алфавіту - 33 мясцовыя славутасці. Вось яна - цікавая ідэя для выхавання патрыятызму, заўважае першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў і тут жа прапаноўвае яшчэ адну: выбраць сем цудаў свету Беларусі. Свайго роду Залатое кольца, праехаць па якім трэба кожнаму, каб успомніць гісторыю і напісаць ужо сваю. Напрыклад, залатую спартыўную, як гэта зрабілі Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна, Ала Цупер і Антон Кушнір.


У Лядовым палацы Оршы лёд распісаны літаральна па хвілінах. Трэніруюцца юныя фігурысты, хакеісты і канькабежцы. У трэндзе апошнім часам шорт-трэк і, як высветлілася, невыпадкова. Менавіта ў гэтай спартыўнай дысцыпліне нашу краіну ў Сочы прадстаўляла Вольга Талаева з Оршы. Шосты вынік у забегу на паўтары тысячы метраў. Аб гэтым мясцовыя жыхары даведаліся першымі ў навінавым эфіры тэлеканала Скіф. У топе сёння Алімпіяда і выбарчая кампанія.


Асноўныя прынцыпы працы нязменныя - ніякай цэнзуры і максімум аб'ектыўнасці. Пэўна, менавіта таму тэлеканалу давяраюць. Як і ў працы ідэолага, у сітуацыі журналіст - глядач тут шматлікае, калі не ўсё, будуецца на даверы і разуменні. І гэта асабліва важна цяпер, напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы.


На час выбарчай кампаніі рэгіянальны тэлеканал становіцца правадыром для гледача. Журналісты асвятляюць кожны этап важнай палітычнай падзеі, асаблівая ўвага тым, хто ўпершыню прыйдзе на выбарчыя ўчасткі. Галоўнае, гавораць тут, упэўніць гледача, што важны кожны голас.


Паспелі намаляваць тут сёння - вобразна, вядома, нават партрэт ідэальнага дэпутата. Падчас незвычайнага брыфінгу, у якім прафесійным ідэолагам прапанавала паўдзельнічаць моладзь Оршы. Самымі актыўнымі ў дыскусіі былі тыя, хто на выбарчыя ўчасткі прыйдзе ўпершыню.


Аўтарытэт, мудрасць і прыстойнасць. Вось яны, асноўныя рысы сучаснага дэпутата, галоўная задача якога - дапамагаць людзям у вырашэнні самых розных праблем. Сёння застаецца толькі выбраць таго, хто з гэтай задачай справіцца. І такая магчымасць у кожнага з нас будзе 23 сакавіка.