У адной з паліклінік Гомеля пачнуць працаваць анлайн-кансультацыі

26 марта 2015

Удакладніць дыягназ, расшыфраваць вынікі аналізаў і разабрацца ў леках. Усё гэта зараз можна зрабіць, не ідучы да ўрача. У адной з паліклінік Гомеля пачнуць працаваць анлайн-кансультацыі.

Сюжэт Аляксея Немава.

Зберагчы свой час, а галоўнае, здароўе. У гэтай паліклініцы Гомеля праблему з чэргамі ў кабінетаў вырашылі выправіць з дапамогай сучасных тэхналогій.

Атрымаць кансультацыю ўрача зараз можна з дапамогай Інтэрнэту. Анлайн-прыём будзе весці не толькі тэрапеўт. Таксама можна атрымаць парады ад стаматолага, хірурга і іншых спецыялістаў.

Кожны з іх будзе прымаць у вызначаны дзень. Час для кансультацыі самы зручны. З 13 да 14 гадзін. Калі на большасці прадпрыемстваў і арганізацый абедзенны перапынак.

Нягледзячы на тое, што атрымаць параду ўрачоў дыстанцыйна можна было і раней, практычна ў кожнай паліклініцы дзейнічаюць гарачыя лініі, выкарыстанне веб-камеры дазволіла праводзіць такія прыёмы на якасна новым узроўні. Зараз, не выходзячы з дома, можна ўдакладніць дыягназ, расшыфраваць вынікі даследаванняў і аналізаў.

Наталля Дзмітрыева, загадчык філіяла № 2 Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі:

"У выніку гэтых анлайн-кансультацый вырашаюцца многія праблемы, асабліва кансультатыўная дапамога для ляжачых пацыентаў. Альбо можна пракансультавацца, ці правільна прызначана абследаванне і лячэнне".

Наколькі будзе папулярны анлайн-прыём, стане вядома зусім хутка. Дарэчы, такі эксперымент праходзіць яшчэ і ў адной сталічнай паліклініцы. У Гомелі ж упэўненыя, ужо з пачатку красавіка такія кансультацыі будуць працаваць на пастаяннай аснове.