У аб’езд на час рамонту моста

18 мая 2015

Пагроза застацца без сувязі з “вялікай зямлёй” ледзь не навісла над жыхарамі некаторых вёсак у Пухавіцкім раёне. Мост на Свіслачы, які тут усталявалі некалькі гадоў таму, па чутках, збіраліся знесці. Маўляў, інжынерная канструкцыя была разлічана на некалькі гадоў эксплуатацыі, і зараз мост знаходзіцца ў аварыйным стане. Антаніна Станкевіч вырашала задачу як з берага левага дабрацца на бераг правы.

Даехаць да вёскі Лешніцы, што за 20 кіламетраў ад МКАД, можна і ў аб’езд.  Праўда, патраціць прыйдзецца ледзь не паўтары гадзіны. Спачатку рухаешся па вялікіх вёсках – а гэта законнае абмежаванне хуткасці, а потым дарога і ўвогуле становіцца гравійнай: асабліва не разгонішся. Нарэшце дабіраемся да Лешніц. Увогуле, тут ёсць два масты. Але стан пешаходнага даверу не выклікае.

Сапраўдным выратаваннем для жыхароў вёскі Лешніцы стаў адносна новы жалезны мост праз Свіслач. Па ім і чалавек лёгка пройдзе, і аўтамабіль праедзе. Праўда, некалькі дзён таму вёску абляцелі трывожныя чуткі – мост збіраюцца знесці.

На першы погляд, трывогі жыхароў справядлівыя. Частку канструкцый разабралі, заехаць на мост на аўтамабілі нельга.

Асноўныя прэтэнзіі спецыялістаў да апарэлей – гэта такія канструкцыі, якія з’ядноўваюць сам мост і дарогу. Іх аператыўна знялі, у выніку чаго мост стаў цалкам пешаходным. Каб дабрацца сюды, прыходзіцца рабіць круг у 55 км.

Прадстаўнікі мясцовай улады людзей супакойваюць: рамонт планавы, мост запрацуе ў звычайным рэжыме праз тыдзень пасля рамонтных работ. Іншая справа, што людзей не папярэдзілі загадзя пра такія планы. Складанасці камунікацыі выклікалі паніку сярод мясцовых жыхароў.

Больш за тое: жалезны ваенны мост – гэта часовае вырашэнне праблемы. Раёну востра патрэбная нармальная аўтамабільная пераправа. Вось толькі грошай на новы мост у раённым бюджэце пакуль няма. Цана пытання – каля 7 мільярдаў рублёў.