У Нью-Ёрку адкрылi фотавыставу да Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе

27 апреля 2017

У штаб кватэры ААН у Нью-Ёрку прайшла цырымонія адкрыцця фотавыставы да Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе. Здымкі зроблены не толькі прафесійнымі фатографамі, але і непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей.

Андрэй Дапкюнас, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН: "На працягу шматлікіх гадоў дзясяткі краін і тысячы энтузіястаў дапамагалі людзям, у асноўным дзецям, у Беларусі і іншых пацярпелых ад чарнобыльскай трагедыі краінах. Гэтая праца ад усяго сэрца была прынятая і адзначаная ўдзячнасцю ва ўсім свеце. Тут, у Нью-Ёрку, хацелася б адзначыць унёсак у гэту справу двух няўрадавых арганізацый са ЗША і Ірландыі, якія вызначылі сваёй галоўнай мэтай дапамогу дзецям Чарнобыля".

Мерапрыемства арганізавана Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ААН сумесна з офісам Праграмы развіцця ААН у Беларусі і няўрадавымі арганізацыямі. Мэта выставы - аддаць даніну павагі дапамозе, спагадзе, бескарыслівасці і чалавечнасці, якія выказаны народу Беларусі ў цяжкі для краіны час.