У новы навучальны год беларускія школьнікі пойдуць з новымі падручнікамі

11 июля 2016

У верасні з'явяцца кнігі, якія складалі самі выкладчыкі - усяго 9 дапаможнікаў. Ужо завершаная работа над падручнікам па гісторыі для 6 класа, які складзены практычна з нуля. Цікавыя факты, дадатковыя матэрыялы і нават зусім іншы фармат вядзення ўрокаў. Пра новы падыход у адукацыі рэпартаж Юліі Грызунт.

Зоя Вінаградава выкладае гісторыю чвэрць стагоддзя. Гаворыць: за гэты час сустракала шмат падручнікаў, дзе адзін параграф - пяць старонак сухога тэксту. Усе недахопы дапаможнікаў па гісторыі яна ведае на памяць, менавіта таму ад слоў перайшла да складання ўласнага дапаможніка з камандай аднадумцаў.

Зоя Вінаградава, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі г. Лагойска: "Вучань 6 класа хоча не толькі чытаць падручнік, ён хоча гаварыць пра яго. Сучасны ўрок гісторыі - гэта ўрок пытанняў і пошуку адказаў на іх. Сумесных. І настаўнік у сілу свайго досведу, у сілу свайго прафесіяналізму павінен падштурхнуць вучня да пошуку адказаў на тыя пытанні, якія вучань сам сабе не задасць".

І гэта не класічныя пытанні ў канцы параграфа. У прыярытэце тое, што ў прамым сэнсе спатрэбіцца ў жыцці: палічыць у працэнтах зніжку ў магазіне, разлічыць, колькі рулонаў шпалераў спатрэбіцца на адзін пакой. Ну а што да гісторыі - перадаць інфармацыю так, каб вучню было цікава. Менш тэксту, больш карт, графікаў і дыяграм.

У верасні шасцікласнікаў чакае зусім новы падручнік па гісторыі. Галоўная задача аўтараў - прымусіць школьнікаў аналізаваць, разважаць. Замест тэкстаў з датамі развагі на тэмы, чаму Папы Рымскага баяліся нават каралі або што можа прымусіць рыцара пакінуць поле бою. Акрамя таго, у кожным параграфе спасылкі на так званыя цікавыя факты.

Усяго сёлета з'явіцца 9 новых падручнікаў. Зусім новы фармат па такіх прадметах, як літаратурнае чытанне, чалавек і свет, мастацтва, сусветная гісторыя, гісторыя Беларусі, геаграфія і інфарматыка. Амаль усе новаўвядзенні для шасцікласнікаў. У наступным годзе новыя падручнікі выпусцяць ужо для вучняў 7 класа.

Валянціна Гінчук, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Беларусі: "Гэта будзе базавы кампанент, да яго з часам будуць распрацаваныя электронныя дадаткі на друкаванай аснове. Бачыцца ў перспектыве таксама распрацоўка электронных версій вучэбных дапаможнікаў, але не ў фармаце pdf, а ў тым фармаце, які дазволіць рэалізаваць навігацыйную функцыю вучэбнага дапаможніка".

А менавіта: умоўныя пазначэнні, якія дазволяць вучням знайсці дадатковы матэрыял - спасылкі на карысныя сайты або падрабязныя геаграфічныя карты. Многія падручнікі ўжо сёння выпускаюцца з дыскамі, дзе можна знайсці падрабязнасці базавых тэм. Дарэчы, заняцца распрацоўкай навучальных праграм сёння можа кожны. Інстытут адукацыі Беларусі працуе з настаўнікамі і бацькамі і гатовы пачуць кожнага, калі ёсць па-сапраўднаму канструктыўныя прапановы.