У Новасібірску прайшоў саюзны навуковы семінар

7 апреля 2013

Яшчэ адзін бок двухбаковых адносін, які вырас з некалі адзінага агульнага савецкага мінулага - навука, а менавіта касмічныя тэхналогіі. Навукоўцы Беларусі і Расіі чакаюць зацвярджэння новай праграмы, якая будзе накіраваная на стварэнне цэлай групы спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. На будучым тыдні чакаецца падпісанне рамачнага пагаднення, якое зблізіць нашу Акадэмію навук і расійскі фонд Сколкава. Усё гэта абмяркоўвалі ў Новасібірску, адкуль і перадае Максім Кароткін.


 


Саюзны навуковы семінар упершыню прайшоў у Новасібірску і за Уралам наогул, адлюстроўваючы тым самым курс на рэгіянальнае навуковае супрацоўніцтва. Сібірскае аддзяленне РАН, зрэшты, для беларусаў не чужое - сярод знакавых навукоўцаў Сібіры нашых землякоў больш  чым дастаткова.  Сувязі беларускіх навукоўцаў з калегамі ў расійскіх рэгіёнах - тое нямногае, на што не паўплывалі 90-я. Зараз супрацоўніцтва развіваецца ўжо ў рамках Саюза дзвюх краін. Адна з найбольш гучных праграм Саюзнай дзяржавы - сумесны спадарожнік - як чакаецца, атрымае працяг. Навукоўцы чакаюць толькі зацвярджэння ўрадамі, каб пачаць стварэнне цэлай групоўкі спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.


 


Яшчэ адзін знакавы праект сучаснасці і будучыні - суперкамп'ютарная тэматыка. Навукоўцы дзвюх краін распрацавалі новую платформу СКІФа. Новы суперкамп'ютар зможа разлічваць аптымальныя спосабы разведкі і распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў. Ужо сама па сабе гэтая праграма азначае развіццё.


 


У Новасібірску наогул шмат гаварылі пра будучыню, пачынаючы ад сумесных практычных распрацовак і завяршаючы фундаментальнымі праблемамі. Укараненне распрацовак - адна з галоўных прымет часу. Зрэшты, і фундаментальная навука не забытая.


 


Прыкласці сумесныя намаганні ў прасоўванні навуковых распрацовак навукоўцы дзвюх краін гатовыя па самых розных кірунках. Найбольш перспектыўныя тэматыкі - біятэхналогіі, лазеры, матэматычнае мадэляванне. Пры гэтым зараз падтрымка беларускай навукі як ніколі важная для расіян.


 


Расійская акадэмія навук перажывае не лепшыя часы. Профільны міністр нават агучыў думку, што ў цяперашнім выглядзе РАН проста не патрэбная. Падобна, што навукоўцы маюць намер павярнуць сітуацыю ў свой бок моцным манеўрам: на пасаду кіраўніка Акадэміі вылучаны Жарэс Алфёраў - нобелеўскі лаўрэат і значная фігура ва ўсёй расійскай палітыцы. Цікава, што кожны крок у гэтай камбінацыі пацвярджае арыентацыю на супрацоўніцтва з беларускімі навукоўцамі.


 


Прозвішча ўраджэнца Беларусі Алфёрава  апошнім часам гучыць і ў сувязі з сумеснымі праектамі. Гэта была яго ідэя - прапанаваць Аляксандру Лукашэнку стварыць у Беларусі інавацыйны цэнтр фонду Сколкава. Як чакаецца, адпаведнае рамачнае пагадненне можа быць падпісана ўжо на будучым тыдні і ахвотнікаў супрацоўнічаць дастаткова. Толькі ў біямедыцынскіх тэхналогіях 85 праектаў гатовыя ўступіць у гульню.


 


Будучыня сумеснай навукі і развіцця даследаванняў наогул можа быць моцна адкарэктавана пасля 20-х гадоў гэтага стагоддзя. Узнікае квантавая інфарматыка - навука з цалкам новымі працэсамі кіравання. Паралельна з тэхналагічнай эвалюцыяй развіваецца і эвалюцыя біялагічная, вянком якой з'яўляецца чалавек. Як зазначылі навукоўцы, у абедзвюх сістэмах ёсць агульныя прынцыпы. Без узаемнага даследавання не абысціся.