У "Ноч музеяў" беларускія выставачныя пляцоўкі даступныя для наведвальнікаў пасля заходу

22 мая 2021

Мастацтва заўсёды прываблівае. І часам ад такіх эмоцый бывае не заснуць, асабліва калі ёсць падстава. Сёння "Ноч музеяў". Беларускія выставачныя пляцоўкі змянілі свой графік працы - экспазіцыі даступныя для наведвальнікаў пасля заходу. "Культурная бессань" ахоплівае Беларусь ужо сямнаццаты раз. Фарматы розныя: прэзентацыя каштоўных прадметаў, інтэрактыўныя праграмы, майстар-класы, квэсты, гульні, канцэрты. Напрыклад, Палац мастацтва адкрывае адразу тры выставы. Гістарычны абяцае не толькі культурны вечар, а проста космас, а ў Музеі гісторыі беларускага кіно прапануюць агучыць нямы фільм.

Даўжэй за ўсіх сёння будзе працаваць Літаратурны музей Янкі Купалы - да 5 раніцы.

Самая пашыраная зона актывацыі - ад Музея гісторыі горада Мінска. Квэсты і майстар-класы адразу на некалькіх лакацыях. Задзейнічаны 9 філіялаў музея - ад Лошыцкага парку да арт-гасцёўні "Высокае месца". Толькі ў Мінску да акцыі далучыліся 20 музеяў.

"Ноч музеяў" - свята для прыхільнікаў высокага мастацтва

Усяго ў Беларусі дзейнічае каля 160 музеяў, у якіх экспануюцца каштоўнасці як айчыннай, так і сусветнай культуры.

Штогод увазе наведвальнікаў прапануецца ўсё больш экспанатаў. У 2020 годзе іх было на 51 тысячу больш, чым у 2019. І нягледзячы на пандэмію, музеі наведалі звыш 3 млн чалавек.

За мінулы сезон падрыхтавана 4 тыс. экспазіцый. Праведзена больш як 60 тыс. экскурсій.

Па выніках 2020 года самы наведвальны - мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" (звыш 222,5 тыс. гасцей). Далей у топе Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (за сезон там пабывала каля 197 тыс. чалавек). І замыкае тройку лідараў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль (больш чым 187 тыс. наведвальнікаў).