У Нясвіжскім раёне адбылося свята хлебаробаў Зажынкі

16 июля 2014

У Нясвіжскім раёне адбылося абласное свята хлебаробаў Зажынкі


Сёлетні ўраджай збожжа ў Мінскай вобласці павінен перасягнуць леташні. Усяго чакаецца не менш за 2 мільёны тон. Пра гэта сёння заявілі ў Нясвіжскім раёне, дзе адбылося абласное свята хлебаробаў Зажынкі.


Аляксей Кандраценка ацаніў гатоўнасць аграрыяў да масавага жніва, а заадно адчуў смак свежага каравая.



Як на нашай ніўцы сёння свята і гасцей багата! На полі каля Нясвіжа сапраўдны аграрны фестываль. Праўда, роўна на гадзіну - жніво не можа чакаць. Музыканты, механізатары, аграномы, кіраўніцтва раёна, а таксама губернатар Сямён Шапіра. На месцы і адзін з галоўных атрыбутаў зажынак.


Хлеб з мукі леташняга ўраджаю не проста прыгожы і смачны прадукт, а сапраўдны сімвал жыцця і любові да зямлі.


Па традыцыі першы сноп зажынаюць жнейкі. Сярпы сімвалізуюць пашану да ручной працы, але камбайны робяць гэта куды больш эфектыўна.


Ванда Сікірыцкая, жыхарка Нясвіжскага раёна: Перш за ўсё нам вельмі прыемна, што мы адпраўляем хлопцаў, нашых сыноў у поле. Яны там з ранку і да цямна. Хоць і тэхніка зараз сучасная, можа ім і не так горача, але праца гэтая цяжкая.


Для саміх камбайнераў добрыя словы - і стымул, і натхненне. Апошняя праверка тэхнікі - і Мікалай з Аляксандрам у кабіне камбайна. Бацька і сын у якасці экіпажа ўжо чатырнаццаты сезон.


Тым часам жнеі вяртаюцца з поля. Першы сноп і яшчэ адзін сімвал зажынак для самых ганаровых гасцей.


Нясвіжскі раён - адзін з флагманаў сельскай гаспадаркі вобласці. Амбіцыі тут заўсёды адпавядаюць рэальным планам.


На днях аграрыі завершаць уборку рапсу. Масавае ж жніво збожжавых у цэнтральным рэгіёне пачнуць напрыканцы тыдня.