Камунальны эксперымент. У некалькіх раёнах Мінска сталічныя пад’езды пачалі прыбіраць па-новаму. Згодна з графікам штодня наводзяць парадак на лесвіцах першых паверхаў, на астатніх - раз на месяц сухое і вільготнае прыбіранне з выкарыстаннем сучаснай тэхнікі - пыласоса альбо параачышчальніка. Пра новыя падыходы да навядзення чысціні Наталля Кезік.
Вось так пад’езд на 108 кватэр у доме па вуліцы Якубоўскага выглядаў два гады таму. Зламаныя паштовыя скрыні, смецце на падлозе і лесвічных пралётах. Сёння ж зусім іншая карціна. Таццяна Сіпачова як толькі пераехала сюды, заклікала ўсіх жыльцоў навесці парадак. Сцены пафарбавалі, скрыні абнавілі, усталявалі сістэму відэаназірання. А ўсе заўвагі і пажаданні пакідаюць у месенджары. Дапамагае прыбіраць у гэтым пад’ездзе мабільны пыласос. Майстар па прыбіранні мясцовага ЖЭСа Ларыса Мікалаеўна такім памочнікам задаволена. Смецце збіраецца хутка не толькі з падлогі, лесвіцы, а і са сцен і столі.
Праходзіць у сталіцы яшчэ адзін эксперымент. Цяпер на першых паверхах у пад’ездах шматпавярховак, дзе праходзіць максімальная колькасць людзей, прыбіральшчыкі падмятаюць альбо выконваюць сухое прыбіранне кожны дзень. А вільготнае ці генеральнае – раз на месяц. У такім эксперыменце ўдзельнічаюць з дзясятак камунальных упраўленняў горада. Але, магчыма, такая практыка па выніках будзе пастаяннай. Абавязкі ў адказных за чысціню таксама падзелены. Адны наводзяць парадак на тэрыторыі ля дома, другія – у пад'ездзе. Хто будзе гэта рабіць - прыватная клінінгавая кампанія ці работнікі ЖЭУ – можна выбраць. Тэндары гарадская гаспадарка праводзіць раз на год. Жыхары дамоў могуць увогуле адмовіцца ад паслуг прыбіральшчыкаў і сачыць за чысцінёй у пад'ездзе і ля дома самастойна.
Жыхары гэтага пад’езда ў доме па вуліцы Бельскага заўсёды сочаць за чысцінёй на лесвіцах. Самастойна зрабілі і касметычны рамонт. Утульнасць і сэканомленыя грошы каштавалі патрачанага часу. Скаргі на бруд у пад'ездах паступаюць у службу 115.бел амаль штодня. Спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі працуюць над памяншэннем іх колькасці, у тым ліку і за кошт эфектыўнасці сёлетніх новаўвядзенняў.













