За некалькі кіламетраў ад Мінскай кальцавой у дарожную пастку трапіў лось

13 января 2017

Не застацца абыякавымі. За некалькі кіламетраў ад Мінскай кальцавой ў студэнцкім гарадку ў дарожную пастку трапіў лось. Лясны госць пасяліўся ў невялікім вербалозе, з усіх бакоў акружаным трасамі. Выйсці ён не можа, а таму ляснога госця ўжо некалькі месяцаў даглядаюць работнікі біялагічнага факультэта БДУ. Менавіта яны патэлефанавалі на гарачую лінію Агенцтва тэленавін.

Больш падрабязна - Улада Карніцкая. Гэта кадры, знятыя работнікамі біялагічнага факультэта БДУ. Лось у студэнцкім гарадку тут ужо для ўсіх норма. Пасяліўся лясны госць у хмызняку каля аднаго з навучальных карпусоў некалькі месяцаў таму.

Казімір Данілевіч працуе ў гэтым будынку, а ў вольны час назірае за ласём. Гаворыць, у хмызняку знайсці яго не так-та проста, таму спачатку заўсёды госця выглядвае з верхніх паверхаў навучальнага корпуса. Толькі потым ідзе на вуліцу і спрабуе наблізіцца да яго.

Каб знайсці ляснога госця, гаворыць Казімір Данілевіч, трэба як мінімум валодаць ведамі следапыта.

Некалькі гадзін наша здымачная група блукала па хмызняку ў пошуках лася. Але ўбачыць самім нам яго так і не ўдалося. Хоць па перыметры ўсюды бачныя сляды жывёліны. А яшчэ мясцовыя жыхары гавораць, што літаральна днямі бачылі лася каля будынкаў факультэта.

Сысці з гэтага хмызняка лось не можа. Ён з усіх бакоў акружаны дарогамі. Таму неабыякавыя людзі неаднаразова звярталіся па дапамогу да спецыялістаў.

У Мінпрыроды гавораць, што пра гэтага лася чуюць упершыню, і нашай здымачнай групе паабяцалі, што жывёліну выратуюць найбліжэйшымі днямі.

Карэспандэнты Агенцтва тэленавін будуць сачыць за развіццём сітуацыі. У цэлым жа, гавораць у Мінпрыроды, апошнім часам яна не адзінкавая - выпадкі з'яўлення дзікіх звяроў у горадзе пачасціліся. І звязана гэта ў першую чаргу з урбанізацыяй - мікрараёны разрастаюцца, а лясныя жывёлы так і застаюцца жыць у каменных джунглях. Пры гэтым спецыялісты нагадваюць: калі сустрэлі зайцаў, ліс, рысяў або ласёў у горадзе, трэба патэлефанаваць у раённую інспекцыю прыродааховы і ні ў якім разе не прыкормліваць іх.