У Нацыянальным аэрапорце Мінск пагранічнікі затрымалі грамадзяніна Камеруна з падробленым пашпартам

19 августа 2019

Калясіў па свеце 7 гадоў з падробленым пашпартам. У Нацыянальным аэрапорце Мінск пагранічнікі затрымалі 45-гадовага грамадзяніна Камеруна. Як растлумачыў сам затрыманы, фальшывы пашпарт ён набыў у 2012 годзе ў Чылі (і стаў падданым гэтай краіны). Дзякуючы новаму грамадзянству ў экс-камерунца з'явілася магчымасць бесперашкодна падарожнічаць па свеце. Мужчына сцвярджаў, што з дакументам ён пабываў у дзесяці краінах. Гэта пацвярджалі візы і адзнакі аб перасячэнні межаў: Аргенціна, Мексіка, Францыя, Іспанія, Марока, Тога, Гвінея, Гана, Канада і Расія.

Зараз пагранічнікі правяраюць сапраўднасць інфармацыі, якую паведаміў затрыманы. У дачыненні да мужчыны пачаты адміністрацыйны працэс за замах на незаконнае перасячэнне мяжы. За выкарыстанне падробленага дакумента іншаземцу пагражае крымінальная адказнасць у выглядзе абмежавання свабоды да двух гадоў.