У пачатку вайны пагранічнікі першымі прынялі ўдар нямецкіх захопнікаў

16 июля 2014
У Брэсце жыве цэлая дынастыя пагранічнікаў, для якіх прыкладам паслужыў подзвіг іх сваяка - Героя Савецкага Саюза. Пад кіраўніцтвам Аляксея Лапаціна 13-я пагранічная застава Уладзіміра-Валынскага атрада ва Украіне пратрымалася 11 дзён. Сюжэт Вікторыі Патоні.

У пачатку вайны менавіта пагранічнікі першымі прынялі на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На ўсім працягу межаў ад Белага мора да Чорнага аказвалі гераічнае супраціўленне, стрымлівалі праціўніка, сілы якога значна пераўзыходзілі. У Брэсце гэтым пунктам стаў Памежны востраў. Тут дагэтуль знаходзяць ладункі і асколкі ад снарадаў.
Адным з першых у бой з немцамі ўступіў і асабісты састаў 13-й пагранічнай заставы Уладзіміра-Валынскага атрада на чале з лейтэнантам Аляксеем Лапаціным. На працягу 11 сутак байцы трымалі абарону, з акружэння атрымалася вывесці жанчын і дзяцей. Але ўсе пагранічнікі загінулі.
Вячаславу Лапаціну было ўсяго тры гады, калі не стала бацькі. Ён памятае як гарэла памежная вышка, як уцякалі на дзявяты дзень з часці, як дапамагалі добрыя людзі жыць далей... Ён беражліва захоўвае ацалелыя цудам фатаграфіі бацькі. Гаворыць, быць сынам аднаго з першых Герояў Савецкага Саюза - вялікі гонар і адказнасць. Пайсці па слядах бацькі вырашыў з дзяцінства. У біяграфіі - Сувораўскае вучылішча, розныя заставы і акругі, але 36 гадоў жыцця Вячаслаў Лапацін аддаў службе на брэсцкай зямлі.
Вячаслаў Лапацін, сын Героя Савецкага Саюза А. Лапаціна: Я быў у шматлікіх месцах, дзе ваявалі нашы воіны. Але асабліва мяне ўразіў подзвіг берасцейцаў у Брэсцкай крэпасці. Гэты помнік падобны помніку, які стаіць у сяле Скамарохі пагранічнікам 13-й пагранічнай заставы. Яны таксама годныя той увагі, славы. Бо ніводнай пагранічнай заставы не было, каб яна пратрымалася 11 сутак.
Гэтаму подзвігу пагранічнікаў пісьменнік Уладзімір Бяляеў прысвяціў аповесць Мяжа ў агні. Кніга для Лапаціных - сямейная рэліквія. Сёння ўжо праўнук загінуўшага лейтэнанта залічаны ў рады вартавых межаў.
Ля помніка Героям граніц, жанчынам і дзецям у Брэсцкай крэпасці Вячаслаў Лапацін як сапраўдны афіцэр здымае фуражку. Схіляе галаву перад тымі, хто хоць і не дайшоў да Берліна, але, рызыкуючы жыццём, змагаўся за незалежнасць і свабоду.