У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сустрэлі мільённага наведвальніка

21 декабря 2016

Сёння ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сустрэлі мільённага наведвальніка. Ім аказаўся мінчанін Барыс Казамель. Экскурсію для юбілейнага госця правялі не зусім у звыклым фармаце - распачалася яна ў пакоі, дзе захоўваюцца падарункі музею ад міжнародных дэлегацый або ўдзячных беларусаў. Напрыклад, сярод прац народных майстроў тут ёсць і партызанская карціна, напісаная насеннем жыта, або вырабленая дзецьмі драўляная ваза з выявамі савецкіх салдат.

Акрамя таго, мільённы наведвальнік атрымаў ад музея сертыфікат на поўную экскурсію па усіх залах экспазіцыі, а таксама кнігу-летапіс аб франтавых мастаках, творы якіх можна ўбачыць сярод экспанатаў. А напрыканцы агляду паважаны госць пакінуў свой подпіс у кнізе побач з аўтографамі іншых ганаровых наведвальнікаў музея.

Мяжу ў мільён наведвальнікаў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны дасягнуў усяго за два  з паловай гады. Штогод яго наведваюць звыш 300 тысяч чалавек.