У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - мільённы наведвальнік

21 декабря 2016

Перасягнулі за мільён - сёння ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сустрэлі мільённага наведвальніка.

Ім апынуўся мінчанін Барыс Казамель. Акрамя экскурсіі па залах асноўнай экспазыцыі, юбілейнага госця правялі і ў скарбніцу музея - месца, дзе захоўваюцца самыя каштоўныя падарункі ад замежных дэлегацый і ўдзячных беларусаў. Сярод экспанатаў - мангольскія шахматы са слановай косці, партызанскія карціны, напісаныя збожжам, і пазалочаны меч ручной працы - падарунак ад Прэзідэнта Беларусі.

На памяць наведвальнік-мільянер атрымаў ад музея сертыфікат на экскурсію па ўсіх залах экспазыцыі, а таксама кнігу-летапіс аб мастаках-франтавіках, чые працы можна ўбачыць сярод экспанатаў. У завяршэнні агляду Барыс Казамель пакінуў свой водзыў у кнізе ганаровых гасцей побач з аўтографамі вядомых наведвальнікаў музея, сярод якіх палітыкі, навукоўцы і нават асобы каралеўскіх крывей.

Дзмітрый Шляхцін, дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: "Вось, напрыклад, запіс яго каралеўскай высокасці прынца Кенцкага. Ён быў у нашым музеі. Яму было цікава літаральна ўсё. Я сам быў сведкай, як замежнікі, калі выходзілі з музея, то гаварылі - чаму ў нас у краіне такога няма. Чаму пра ўсё не распавядаюць, а вось прыехалі ў Мінск і так шмат даведаліся".

Мяжы ў мільён наведвальнікаў музей дасягнуў менш чым за два з паловай гады. Кожны месяц сцежкай ваеннай гісторыі па залах музея праходзяць больш як 30 тысяч гасцей.