У Музеі гісторыі пакажуць, як аднаўлялі пасляваенную сталіцу

2 июля 2016

І вяртаемся да галоўнай тэмы. Да Дня Незалежнасці ў Музеі гісторыі Мінска прадэманстравалі работы дойлідаў, якія аднаўлялі пасляваенную беларускую сталіцу з руін. Эскізы, накіды і замалёўкі.

Алена Борматава - пра Мінск, якога мы не ведалі. Графіка аўтарства легенд архітэктуры - Лангбарда, Заборскага, Караля. Дойлідаў, якія стваралі і аднаўлялі Мінск у 40-ыя. Толькі на работах - не творчы працэс ад ідэі да будучага вобраза архітэктурнага аб'екта, а невядомы Мінск. Горад, які ўбачылі архітэктары пасля вызвалення. Акварэлі Сяргея Святліцкага – вучня Лангбарда. Малюнкі, якія не выстаўляліся больш за 70 гадоў – з моманту іх напісання.

Дом урада, разбураны Тэатр оперы і балета, Нацыянальная акадэмія навук і Дом афіцэраў. Яшчэ да вайны іх узводзіў Лангбард. І менавіта за архітэктурныя аб'екты Беларусі ў 37-м на сусветнай выставе ў Парыжы Лангбард атрымлівае Гран-пры.

Будаўніцтва сённяшняга праспекта Незалежнасці, аднаўленне Вялікага тэатра, узвядзенне Палаца прафсаюзаў – на графічных малюнках падлетка Валодзі Стальмашонка, будучага народнага мастака. Таксама дэманструюцца ўпершыню.

Бамбёжка Мінска. Алоўкам на паперы невялікага фармату першыя дні вайны занатаваў архітэктар Заборскі. Малюнак схаваў, а сам добраахвотнікам пайшоў на фронт. Пад Смаленскам быў цяжка паранены і адпраўлены ў шпіталь уральскага Троіцка, дзе ўжо ў 42-м годзе стварыў першыя эцюды будучага манумента Перамогі.

Над помнікам разам з Заборскім працаваў і будучы народны архітэктар СССР Уладзімір Кароль – аўтар сталічнага паштамта. Яго малюнкі пасляваеннага Мінска – уласнасць сям'і. На выставу іх перадалі нашчадкі архітэктара. У Караля горад 40-х – гэта руіны храмаў і старажытныя дамы Верхняга горада.

Графіка былога галоўнага архітэктара Мінска Івана Мядзведзева. Гэта ён ствараў мастацкае афармленне сталіцы да 900-годдзя горада. На графічных малюнках – Мінск 50–60-х. Работы, якія храналагічна завяршаюць працэс аднаўлення разбуранага горада. А пад кожным творам – фатаграфіі, зробленыя ў нашы дні. Адно і тое ж месца з розніцай сем дзесяцігоддзяў.