У Музеі авіяцыйнай тэхнікі прайшло свята напярэдадні Дня Ваенна-паветраных сіл

19 августа 2017

Сёння ў Музеі авіяцыйнай тэхнікі на Баравой прайшло свята з нагоды Дня Ваенна-паветраных сіл, якое Беларусь адзначыць заўтра.

Спецыяльны госць - наш суайчыннік Алег Навіцкі. Касманаўт свой водпуск вырашыў правесці на радзіме, гэтымі днямі знаходзіцца з паездкай па Беларусі, наведвае сваякоў і прымае ўдзел у розных мерапрыемствах. Рэдкі госць прыехаў з падарункамі - у музей ён перадаў крэсла пілота, якое спецыяльна было створана для касманаўта, і асабісты касцюм. Удзельнікам свята Алег Навіцкі распавёў аб жыцці на арбіце, новых палётах і міжнародным супрацоўніцтве. Юным авіяаматарам раздаваў аўтографы - не часта выпадае магчымасць вось так зблізку ўбачыць касманаўта і задаць яму пытанні.

Да свята прымеркавалі адкрыццё новага павільёна "Космас" у Музеі авіяцыйнай тэхнікі. Тысячы гледачоў назіралі за галавакружнымі скачкамі прафесіяналаў-парашутыстаў. Былі прадэманстраваны і палёты нядаўна прынятых на ўзбраенне навучальна-баявых самалётаў Як-130 і Л-39.