У Мазыры не могуць вырашыць лёс футбольнай пляцоўкі

4 апреля 2016

Мясцовыя жыхары гавораць, што тут месца для баталій. А аграрыі ўпэўненыя, што на ўсіх палях, нават такіх, як гэта, павінны расці шматгадовыя травы.

Які лік у неспартыўным паядынку, раскажа Вольга Халадовіч. Гэтае футбольнае поле ў мікрараёне Зарэчны для мясцовай дзятвы ўпадабанае месца адпачынку. Прыходзяць сюды падлеткі ў любое надвор'е. І нават праводзяць мясцовыя чэмпіянаты.

З часам тэрыторыю вырашылі акультурыць. Актывісты экалагічнага фонду "За чыстую Прыпяць" разам з мясцовымі жыхарамі правялі маштабную акцыю, але добраўпарадкаванне апынулася заўчасным.

Каб стварыць тут музей пад адкрытым небам, актывісты-эколагі высадзілі па перыметры некалькі дзясяткаў вербаў. Але, як апынулася, у мясцовай гаспадаркі на гэтую зямлю іншыя планы - пасеяць шматгадовую траву.

І само футбольнае поле, і высаджаныя дрэвы знаходзяцца проста ў цэнтры зямлі, якая належыць мясцоваму СВК "Казенкі-агра". Аграрыі не хаваюць: раней гэтая тэрыторыя была незапатрабаванай, зараз сітуацыя змянілася.

Актывісты фонду "За чыстую Прыпяць" з такім рашэннем катэгарычна не згодныя. І ўжо плануюць тут зрабіць яшчэ і зону адпачынку.

Зараз ужо і мясцовыя ўлады шукаюць варыянты, якія задаволяць абодва бакі канфлікту. Напрыклад, прапанавалі добраўпарадкаваць школьны стадыён. Альбо перанесці вароты пляцоўкі разладу на некалькі метраў. Прычым сельгаспрадпрыемства гатова мясцовым жыхарам дапамагчы. Разраўнаваць зямлю і высадзіць газон. Каб дзецям было дзе гуляць у футбол, а аграрыі змаглі спакойна заняцца сваёй працай.