У Маскве стартавалі Дні Мінска

14 ноября 2013

Дні Мінска ў Маскве стартуюць сёння афіцыйнай сустрэчай дэпутатаў дзвюх сталіц. Аднак ужо ўчора ў розных раёнах Масквы пачалі працаваць выставы-кірмашы беларускіх тавараў.

Максім Кароткін больш падрабязна.


Дні Мінска ў Маскве адкрыліся традыцыйным кірмашом беларускіх тавараў. Галоўнае месца гандлю - УВЦ, яшчэ аналагічныя пляцоўкі адкрыліся ў іншых раёнах горада.


Беларуская выстава-кірмаш - накшталт пралога афіцыйных мерапрыемстваў. Урачыстае адкрыццё Дзён адбудзецца ў пятніцу, пройдзе яно на гэтай жа пляцоўцы, ля Усерасійскага выставачнага цэнтра. Але, судзячы па актыўнасці масквічоў, да выхадных беларускія вытворцы падыдуць з нядрэнным прыбыткам.


Гандаль - толькі невялікая частка праграмы Дзён Мінска ў расійскай сталіцы. За 3 дні іх удзельнікі правядуць дзясяткі сустрэч, семінараў і круглых сталоў. Іх мэта - абмяняцца вопытам развіцця гарадской гаспадаркі мегаполіса, параўнаць метады працы з моладдзю, узровень сацыяльнай абароны, абмяняцца новымі тэхналогіямі і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца. У супрацоўніцтве, а асабліва ва ўзаемным гандлі, гэта немалаважна. Асноўныя афіцыйныя мерапрыемствы пройдуць у пятніцу і суботу, але першыя рабочыя сустрэчы ўжо пачаліся.


Сёння ў афіцыйнай праграме Дзён Мінска ў Маскве сустрэчы сталічных дэпутатаў і перамовы на ўзроўні дэпартаментаў мінскай і маскоўскай мэрый.