У Морацкай сярэдняй школе стварылі гісторыка-этнаграфчны музей

12 марта 2020
Аўтэнтычныя традыцыі і  гісторыка-культурную спадчыну малой радзімы  захоўваюць у вёсцы  Морач у Клецкім раёне. Юныя краязнаўцы вывучаюць  мясцовыя дыялекты і  мянушкі, даследуюць нацыянальнае адзенне продкаў. А каб  захаваць свае духоўнае багацце, у Морацкай сярэдняй школе стварылі гісторыка-этнаграфчны музей.

Са  спадчынай вёскі  Морач пазнаёмілася Алена Вітко.

Вывучаць мянушкі, якія існуюць у роднай вёсцы Морач, трэццякласнік Аляксей Абабурка пачаў некалькі гадоў таму. Збіраў звесткі ў кнігах, а своеасаблівую вусную хроніку запісваў па аповедах бабуляў, дзядуль і суседзяў. І як вынік працы - два тлумачальныя слоўнікі мясцовых мянушак. 

Працаваў Аляксей пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры. І на абласной канферэнцыі даследчых работ іх навуковую дзейнасць адзначылі дыпломам трэцяй ступені. Дарэчы, сярод пераможцаў і сястра юнага краязнаўца. Дзевяцікласніца Ганна вывучала, як з цягам часу мяняліся сарочкі морацкіх прыгажунь. А яшчэ раней даследавала аўтэнтычныя ручнікі. 

Зберагчы гісторыка-культурную спадчыну стараюцца ўсе: не толькі вучні і настаўнікі, але і мясцовыя жыхары.

У школе створаны Музей гісторыі вёскі Морач. Тут беражліва захоўваюць памяць пра мінулае. Напрыклад, гэта экспазіцыя знаёміць з жаночымі кашулямі і ручнікамі, якім ужо каля 150 гадоў. Тут жа ёсць тканыя коўдры і паясы - і нават жаночыя касцюмы 19 і 20 стагоддзяў. 

Зараз у музеі каля тысячы экспанатаў. Але іх колькасць пастаянна павялічваецца. Летапіс роднай вёскі Морач працягваецца...