У Маладзечанскай гімназіі № 10 адкрылі новы STEAM-цэнтр

22 февраля 2020
Адукацыя школьнікаў з дапамогай робатаў-умельцаў, графічных планшэтаў і 3D-прынтараў. У Маладзечанскай гімназіі № 10 адкрылі новы STEAM-цэнтр. У вобласці ён восьмы. Тут вучні цяпер будуць  асвойваць праграмаванне і канструяванне, навучацца запускаць інтэрактыўныя праграмы па літаратуры і гісторыі. Для гэтага ІТ-кабінет абсталявалі відэакамерамі, планшэтамі, ноўтбукамі і наборамі па робататэхніцы. А ў суседнім Вілейскім раёне такі ІТ-клас паўсотні школьнікаў наведвае з лета - ён размясціўся ў цэнтры дадатковай адукацыі. 

Якімі адкрыццямі ўжо могуць пахваліцца юныя айцішнікі ў невялікіх гарадах Мінскай вобласці? Сюжэт Наталлі Кезік. Сабраць кубік Рубіка за пяць хадоў, напэўна, зможа толькі робат. А стварыць разумнага памочніка за дзень атрымалася ў шасцікласніка Мікіты Зінкоўскага. У суседстве над партатыўным трэнерам працавалі Павел Батура і Павел Шаюк. Цяпер у аднакласнікаў ёсць свой робат, які на англійскай мове задасць тэмп, напрыклад, ранішняй зарадкі.  Развіваць крэатыўнасць, канструктарскае мысленне і асвойваць мову  праграмавання вучні гэтай гімназіі змогуць у новым STEAM-цэнтры. Першым у горадзе і ў раёне. Заняткі тут ужо распісаны ў рэжыме нон-стоп - кожны дзень і ў суботу. 

Свой STEAM-цэнтр улетку з’явіўся і ў школьнікаў Вілейскага раёна. ІТ-гурток дзеці наведваюць у цэнтры дадатковай адукацыі. 3D-прынтар, графічныя планшэты і канструктарскія наборы тут асвойваюць паўсотні школьнікаў.  Косця Герасімовіч у STEAM-класе на занятках за першы тыдзень асвоіў 3D-прынтар. Да прыезду здымачнай групы спяшаўся стварыць свой партатыўны вентылятар. Але зразумеў: у юных канструктараў не заўсёды атрымліваецца сабраць мадэль з першага разу. 

На сёння ва ўсёй краіне каля чатырох дзясяткаў падобных STEAM-цэнтраў. Першы ў Мінскай вобласці адкрыўся тры гады таму ў Барысаве. У Маладзечанскай 10-й гімназіі гэты цэнтр восьмы толькі ў Мінскай вобласці. Планы на гэты год даволі амбіцыйныя - адкрыць сто падобных класаў па ўсёй краіне. Для гэтага ўстановам адукацыі неабходна прайсці пэўны конкурсны адбор.

Такі адбор паспяхова прайшлі і ў маладзечанскай школе, і ў Вілейскім цэнтры дадатковай адукацыі. Вучні разам з настаўнікамі стварылі свой ІТ-праект, які на рэспубліканскім конкурсе абышоў сем дзясяткаў канкурэнтаў. Узнагарода за перамогу - неабходнае сучаснае абсталяванне: ноўтбукі, праектары планшэты, наборы па робататэхніцы і 3D-прынтары. 

Хутка ў Вілейцы адбудзецца адкрыццё яшчэ аднаго STEAM-цэнтра. Працаваць ён будзе на базе трэцяй гарадской школы. Такім чынам, у вобласці будзе ўжо дзевяць класаў для юных айцішнікаў і праграмістаў.