У Магілёўскай вобласці пенсіянерку, якая заблудзілася ў лесе, шукалі тыдзень

11 сентября 2013

Без сіл, але жывую жанчыну знайшлі. На жаль, не ўсе выратавальныя аперацыі сканчаюцца так паспяхова. У рэгіёне дагэтуль не могуць знайсці яшчэ 6 чалавек. Якія правілы трэба ведаць, каб не заблудзіцца, раскажа Уладзімір Сёмкін.



Аляксандра Раманаўна ўжо даўно перабралася жыць на дачу. Гаворыць, у найбліжэйшым лесе ведае кожнае дрэва. Аднак і гэта не выратавала пенсіянерку. Апошні паход па грыбы зацягнуўся на тыдзень. Дахаты вярнуўся толькі яе сабака. Дачніца заблудзілася. Як апынулася, ужо не першы раз.


Пасля некалькіх дзён пошукаў ужо мала хто верыў, што жанчына дагэтуль жывая. Нягледзячы на тое, што восень яшчэ ранняя, ночы ўжо халодныя.


На дапамогу ратавальнікам і міліцыі прыйшлі мясцовыя жыхары.


На шчасце, дачніцу знайшлі. Усяго толькі за паўтара кіламетра ад жылых дамоў. У стане шоку, з дыягназам абязводжванне. Але жывую. Хутчэй за ўсё, пенсіянерка ўсе гэтыя дні проста хадзіла кругамі вакол дачнага пасёлка.


Зараз самы пік грыбнога сезона. Каб пазбегнуць праблем у лесе, у аматараў ціхага палявання абавязкова з сабою ў кошыку павінна быць ежа і вада. Зараджаны мабільны тэлефон. А калі вы згубіліся, спецыялісты раяць, самае галоўнае - не панікаваць.


Штогод у грыбны сезон у беларускіх лясах знікаюць дзясяткі грыбнікоў. Як правіла, гэта людзі старэчага ўзросту. Сёлета толькі ў Магілёўскай вобласці ратавальнікі і міліцыянеры ўжо знайшлі трох чалавек. Яшчэ шасцёра дагэтуль лічацца прапаўшымі без вестак.