У Магілёўскай вобласці дзясяткі будынкаў ператварыліся ў безгаспадарныя

28 ноября 2016

У Магілёўскай вобласці дзясяткі набытых за базавую велічыню нявыкарыстаных будынкаў ператварыліся ў безгаспадарныя. Многія з іх трухлеюць і развальваюцца проста на вачах. Яны так і не сталі новымі прадпрыемствамі, магазінамі, забаўнымі цэнтрамі. Не стала больш і рабочых месцаў. Што гэта - эканамічныя пралікі бізнесменаў або нядбалае стаўленне мясцовых улад да маёмасці? У праблеме разбіраўся Андрэй Ястрабаў.

Ад былога дзіцячага сада на ўскраіне Быхава амаль нічога не засталося. Некалькі калідораў з астаткамі роспісу і груды сілікатных блокаў ад разбураных сценаў. Тры гады таму адзін з бізнесменаў вырашыў удыхнуць новае жыццё ў струхлелую пабудову, купіў яе за адну базавую. Тэрміны абавязацельстваў мінулі. Ні абяцанага новага прадпрыемства, ні рабочых месцаў. Прадпрымальнік папытаў райвыканкам падоўжыць яму дамову. Улады пайшлі насустрач.

Аляксей Гулькоў, начальнік аддзела эканомікі Быхаўскага райвыканкама: "Раённы выканаўчы камітэт па просьбе індывідуальнага прадпрымальніка вырашыў падоўжыць тэрміны выканання ўмоў дамовы куплі-продажу. Новы тэрмін па выкананні гэтай дамовы - канец 2017 года. Сёння работы на аб'екце не вядуцца".

Яшчэ ўлетку ўсе работы спыніліся і на самым вядомым у Быхаўскім раёне будынку, што за некалькі метраў ад узлётна-пасадачнай паласы калісьці дзеючага ваеннага аэрадрома. Тут знаходзілася ракетаносная авіяцыйная дывізія Балтыйскага флота СССР.

Калісьці ў гэтым будынку працаваў камандны пункт ваеннага аэрадрома. Адгэтуль узляталі бамбардзіроўшчыкі. У пачатку 90-х базу перанеслі. У 2013 у будынка з'явіўся новы ўладальнік. Праўда, з яго прыходам мала што змянілася. Былы камандны пункт працягвае развальвацца.

Сталічны бізнесмен паспеў умацаваць толькі першы паверх. Правёў электрычнасць і ваду. Але праверка паказала - з грубымі парушэннямі. Мясцовыя ўлады нават паспелі ў суд падаць на прадпрымальніка. І такіх фактаў нядбалага стаўлення да маёмасці ў Магілёўскай вобласці не мала - сотні. Але скасаваць атрымалася толькі 35 дагавораў.

Таццяна Дімідзюк, начальнік аддзела Камітэта дзяржкантролю Беларусі па Магілёўскай вобласці: "Мясцовыя органы ўлады займаюць такую пазіцыю наглядальную. Чакаюць, калі ўсё ж пакупнікі выканаюць узятыя на сябе ўмовы, і пры гэтым не выкарыстоўваюць тыя рычагі, якія ў іх ёсць. Не прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне зямельнага заканадаўства, заканадаўства аб будаўнічай дзейнасці".

Але ёсць і абуральныя факты. У Клімавіцкім раёне знеслі па рашэнні мясцовых улад дзве старыя школы. Праверка паказала: іх нават не спрабавалі прадаць. Зараз у раёне не ведаюць, што рабіць далей з грудамі будаўнічага буту. А гэты сельскі клуб у вёсцы Пянькоўка наогул у справаздачах мясцовых улад лічыцца знесеным. Хоць насамрэч абвальваецца сам.

Тое, што ўсё можа быць інакш, даказаў Святаслаў Драздоў - бізнесмен з Магілёва. Выкупіў будынак былога льнозавода. Сёння ў адрамантаваных цэхах вытворчасць металаканструкцый. За некалькі гадоў напрацаваў кліенцкую базу. Плануе пашырацца.

Добра што разгарнуцца бізнесу ёсць дзе, гаворыць прадпрымальнік. І набыў у раёне яшчэ адзін будынак пад дзіцячы забаўны цэнтр.