У Магілёве прайшло Каляднае набажэнства

25 декабря 2018

Мільёны людзей па ўсім свеце сёння адзначаюць Раство. У Беларусі ва ўсіх касцёлах прайшлі святочныя набажэнствы. У Магілёве ў адным з найстарэйшых храмаў Святога Станіслава   кіраўнік беларускіх католікаў архіепіскап-мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч правёў Каляднае набажэнства. Прамую трансляцыю вяла Белтэлерадыёкампанія. На службы прыходзілі цэлымі сем'ямі, а пасля аб'ядноўваліся за святочным сталом, падзяляючы з сябрамі і блізкімі радасць Нараджэння Хрыстовага. Як сустракалі свята беларусы - раскажа Наталля Бардзілоўская.

Калядную ноч пад духоўнай апекай мітрапаліта Кандрусевіча сёлета сустракалі ў Магілёве. Традыцыйную трансляцыю са святочнага набажэнства вяла Белтэлерадыёкампанія. Сваёй прысутнасцю ў рэгіёне кіраўнік беларускіх католікаў чарговы раз падкрэсліў: для айчыннага касцёла важны кожны прыход і кожны храм, ці то вялікі, ці то маленькі. Свой каларыт ёсць у любога. Што да Магілёва - то самабытнасць яго каталіцкага сабора фарміравалася на працягу амаль чатырох стагоддзяў. Закладзены манахамі-кармелітамі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі з часамі перарос у кафедральны Святога Станіслава: напрыканцы 18 стагоддзя, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Магілёў стаў цэнтрам рымска-каталіцкай епархіі, адпаведна з драўлянай царква паўстала ў камені, а на яе купале і скляпеннях ажылі сотні фрэсак. Сёння яны прызнаны, як самы поўны ў Беларусі адлюстраваны Евангелічны цыкл, першы малюнак якога - Нараджэнне Хрыстовае. З ім архіепіскап павіншаваў беларусаў з Магілёўскай кафедры.

З Магілёва Раство трансліравалі і ў мінулыя гады. Сёлета паўтарацца не планавалі. Духоўна і тэлевізійна падтрымаць хацелі мінскі прыход у Каменнай Горцы - ён унікальны, бо слова веры тут нясуць не толькі жыхарам мясцовым, але і людзям з абмежаваным слыхам з усяго Мінска. Католікам-інклюзівам па душы Біблія на мове жэстаў, якой валодае настаяцель Франц Рудзь.

У ліпені прыход атрымаў свой храм. Але ад ідэі тэлевігіліі ў новабудоўлі адмовіліся:тэхнічныя прычыны. Пакуль удасканальваецца інфраструктура - храм усё ж сустракае сваё першае Раство. Сёння - два набажэнствы і на кожным шмат людей.

Новазбудаваны касцёл у Каменнай Горцы названы ў гонар Маці Божай Будслаўскай. Гэта вялікая святыня для беларускіх католікаў. Цудатворны абраз Багародзіцы знаходзіцца ў самім Будславе, у касцёле. Таксама ў гонар Маці Божай Будслаўскай ладзіцца вялікі фэст - яму ўжо за 25 гадоў. Сёлетняя гістарычная падзея для беларускага касцёла - гэты духоўны форум быў уключаны ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў сусветнай арганізацыі ЮНЭСКА.

Сярод падзей, якія застануцца ў летапісе беларускага касцёла за мінулы год, і канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў, і агульнабеларуская сустрэча моладзі ў Гродне, і яшчэ адно наваселле. Па адрасе Серафімовіча,19 адкрыты і таксама сустрэў сваё першае Нараджэнне Хрыстовае хрысціянскі сацыяльны цэнтр, разлічаны на падрастаючае пакаленне. Увогуле, год для касцёла прайшоў пад дэвізам "Моладзь - надзея касцёла і грамадства". Наступны - будзе прысвечаны сям'і. Хатні касцёл, як першасны - гучала ў прамове, з якой да вернікаў звярнуліся сёння тры архіпастыры з кафедры галоўнага каталіцкага касцёла.

Сем'ямі сёння ішлі на Каляднае свята. Прыцягальны цэнтр усіх касцёлаў - батлейка са сцэнкай Нараджэння Хрыстовага. Памаліцца нованароджанаму Хрысту. Паднесці яму салодкі падарунак. Зрабіць фота ці нават сэлфі. Свята - старое і сучаснае, па-ранейшаму выклікае ў пакаленняў людзей найлепшыя пачуцці і спадзяванні.
Католікі ўступілі ў свой новы літургічны год. Актава Божага Нараджэння працягне іх свята. Праз два тыдні вялікую падзею Евангелля - Нараджэнне Хрыстовае - адзначыць праваслаўная канфесія Беларусі.