У Мінскай вобласці за першыя дні года зафіксавана 38 пажараў

4 января 2016

Навагоднія святы супалі з рэзкім паніжэннем тэмпературы, і гэта прывяло да росту колькасці надзвычайных сітуацый. У Мінскай вобласці за першыя дні года зафіксавана 38 пажараў.

Да таго ж моцныя халады прывялі да росту колькасці абмарожанняў і галалёдных траўм. Як засцерагчыся ад непрыемнасцей зімы і ці доўга пратрымаецца мароз – ведае Антаніна Станкевіч. Гаспадары гэтага дома гасцей не чакалі, але на візіт ратавальнікаў і нашай здымачнай групы адрэагавалі з паразуменнем. Усе жыццё сям'я Радкевічаў вымушана паліць у печы – іншага ацяплення ў доме няма, а таму ведаюць, да якіх наступстваў можа прывесці любая памылка. Спецыялісты падказваюць, што можна і трэба выправіць.

У суседзяў – таксама парадак, заўвагі спецыялістаў выклікаюць хіба што дробязі. Аднак гаспадарам яшчэ раз нагадваюць элементарныя правілы.

Зіма лічыцца самым пажаранебяспечным перыядам года. На гэтых фотаздымках – вынік неасцярожнага абыходжання з пячным абсталяваннем – пажары напярэдадні адбыліся ў Мядзелскім і Барысаўскім раёнах. І гэта яшчэ не самыя сур'ёзныя здарэнні.

Ратавальнікі сцвярджаюць: любы пажар можна папярэдзіць. Выкананне нескладаных правілаў дапаможа зберагчы і маёмасць, і ўласнае жыццё.

А гэта ўжо кадры з гарадской бальніцы хуткай дапамогі. Толькі пацярпелі тут людзі не з-за агню, а непасрэдна ад маразоў: галалёдныя траўмы і абмарожанні – спадарожнікі лютай зімы. Толькі за апошнія дні з расцяжэннямі і пераломамі зарэгістравана 27 чалавек. Яшчэ 10 паступілі з рознымі ступенямі абмарожання, 7 з іх шпіталізаваны.

Каб не трапіць на бальнічны ложак у марознае надвор'е, медыкі раяць аддаваць перавагу свабоднаму і камфортнаму адзенню, выбіраць правільны абутак, на рэльефнай падэшве, без абцасаў. Схаваць ад марозу пальцы рук, нос, вушы і шчокі, якія ў першую чаргу схільныя да абмарожання.