Знак выдатніка атрымалі 25 школьнікаў на абласным свяце ў Дзяржынску. Гэта пераможцы алімпіяд, лідары дзіцячых аб'яднанняў і актыўныя ўдзельнікі валанцёрскага руху. Кожны - гонар сваёй навучальнай установы.
Творчым падарункам для вучняў года стаў казачны паказ "Сон у зімовую ноч".
Наталля Кузьміцкая наведала свята.
Старшыня гарадскога маладзёжнага парламента, школьны экскурсавод, валанцёр, журналіст – усё гэта адзін чалавек - адзінаццацікласніца Анастасія Руднік. Свае абавязкі дзяўчына зараз сумяшчае з падрыхтоўкай да паступлення. Хаця канчаткова і не вызначылася з ВНУ, але упэўнена: будзе працягваць сваю дзейнасць і далей.
Таленавітай і актыўнай вучаніцай ганарыцца не толькі школа, а і родны горад. Сёлета яна адзіная з Жодзіна трапіла ў спіс фіналістаў абласнога конкурсу "Вучань года".
З заканчэннем года каляндарнага ў вобласці стала добрай традыцыяй адзначаць здольных і мэтанакіраваных дзяцей.
З 400 канкурсантаў з усёй Мінскай вобласці у пяці намінацыях выбралі ўсяго 25. Гэта і юныя спартсмены, і пераможцы алімпіяд, даследчых конкурсаў, творчых фестываляў.
Адукаваныя, спартыўныя, таленавітыя, актыўныя - менавіта так можна ахарактарызаваць кожнага з пераможцаў абласнога конкурсу "Вучань года". І, вядома, такая высокая ўзнагарода - стымул імкнуцца і дасягаць больш.
Зараз, пасля канікул, пачалася самая працяглая і адказная чвэрць, а значыць - час новых спаборніцтваў, конкурсаў і магчымасцяў праявіць сябе.













