У Мінскай вобласці аднаўляюць крыніцы

23 Ліпеня 2019

Мясцовым жыхарам дапамагаюць валанцеры праекта "Добрае сэрца" маладзёжнай арганізацыі краіны. Сёння яны пачалі добраўпарадкаванне крыніцы ў вёсцы Зарэчча Стаўбцоўскага раёна. За два месяцы тут плануюць абсталяваць утульную зону адпачынку, дзе можна будзе набраць "жывой" вады.

Наталля Кузьміцкая працягне тэму. Журналіст, мастак, фатограф, краязнавец, пісьменнік, а галоўнае, чалавек, які з вялікай павагай ставіцца да роднай зямлі – Васіль Зянько напісаў цэлую кнігу пра сваю вёску. У ёй звесткі і аб дзіўнай крынічцы, якая некалі была сапраўды сакральным месцам для ўсяго наваколля. Ідэю Васіля Зянько - аднавіць крынічку, а разам з ёй і слаўныя традыцыі гэтага мястэчка, падтрымалі на мясцовым узроўні. Да добраўпарадкавання далучыліся і валанцёры Беларускага саюза моладзі. Сёння яны дапамагалі расчысціць жыватворны ручаёк.

Літаральна за два месяцы тут плануюць абсталяваць зручныя падыходы да крынічкі, зрабіць зону адпачынку. Камфорт найперш ацэняць тыя, хто будзе прыязджаць па пітную ваду, каб наталіць смагу. Побач будуць прадугледжаны парковачныя месцы.


Дарэчы, за апошнія два гады ў мястэчках і вёсках Мінскай вобласці адноўлена і добраўпарадкавана каля дваццаці прыродных крыніц. Да канца года работа запланавана яшчэ на 70 такіх аб'ектах. Такую своеасаблівую патрыятычную эстафету моладзь падхоплівае ад старэйшага пакалення. Раней нашы продкі лічылі крынічкі месцам сілы і верылі, што вада з яе валодае цудадзейнай сілай і можа вылечыць хваробы. Гэта аграгарадок Рубяжэвічы, крынічку тут аднавілі некалькі дзесяцігоддзяў таму, зараз мясцовыя жыхары старанна падтрымліваюць яе стан, а па смачную і пітную ваду прыязджаюць нават са сталіцы.


Папулярныя

Рэкамендуемыя