У Мінскай вобласці пачасціліся выпадкі атручвання грыбамі

13 сентября 2017

Грыбны бум. Сёлетняя восень б’е рэкорды. Назбіраць поўны кошык падасінавікаў, баравікоў і падбярозавікаў грыбнікі паспяваюць за гадзіну. У лясах Мінскай вобласці багаты ўраджай, асабліва ў Чэрвеньскім, Лагойскім і Дзяржынскім раёнах.

Але ж тым часам спецыялісты фіксуюць трывожную статыстыку: з атручэннем грыбамі толькі ў сталіцы звярнуліся больш за паўсотню чалавек. У двух выпадках пацыентам экстранна перасадзілі печань. Рызыкі ціхага палявання ў Юліі Токар.

Саламяны кошык Галіны Казаковай менш чым за гадзіну напаўняецца ляснымі дарамі. Гэтыя мясціны лічацца самымі ўраджайнымі. На 73 тысячах гектараў у лясах Чэрвеньскага раёна сапраўды ёсць дзе разгуляцца грыбнікам.

На лясных сцяжынках можна сустрэць нават грыбнікоў-веласіпедыстаў. Васіль Дзенісевіч збірае толькі элітныя «капелюшы». Сёлета падасінавікаў, падбярозавікаў і баравікоў удосталь. Але ж вопытны грыбнік ведае: і для ціхага палявання патрэбны спрыт.

Не толькі ў лясах, у медыкаў таксама свой «грыбны бум». Апошнім часам пачасціліся выпадкі атручвання грыбамі.

У гэтым сезоне толькі ў Мінскай вобласці ўжо чатыры выпадкі атручвання грыбамі - у Дзяржынскім, Салігорскім і Жодзінскім раёнах. Якая асноўная прычына, мы даведаліся ў загадчыка аддзела гігіены Ірыны Мілановіч.

Дзмітрый Харкаў сёння раніцай трапіў на бальнічны ложак - адразу пад кропельніцу.

Толькі за 13 дзён верасня па дапамогу да медыкаў з атручэннем звярнуліся амаль 20 чалавек. З пачатку года – больш за паўсотні. У двух выпадках была неабходная экстранная перасадка печані.

Медыкі раяць выключыць грыбы з рацыёну дзяцей, не набываць дары лесу на стыхійных рынках. А падчас ціхага палявання быць пільнымі і ў кошык збіраць толькі знаёмыя экзэмпляры.