У Мінскай вобласці стартавала акцыя "Нашы дзеці"

9 декабря 2019
Марафон шчодрасці, усмешак і дабрыні. У Беларусі сёння стартавала навагодняя акцыя "Нашы дзеці". У цэнтральным рэгіёне дабрачынны марафон пачалі з Дзяржынска.

На свята завітала і наш карэспандэнт Алена Вітко.

У Мінскай вобласці дабрачынную акцыю "Нашы дзеці" адкрывае абласны фестываль творчасці "Запалі сваю зорку". Ён аб'яднаў 160 юных талентаў з усяго рэгіёна. Гэта дзеці з асаблівасцямі развіцця і фізічнымі абмежаваннямі. І сёння сваёй творчасцю яны дзеляцца са сцэны Дзяржынскага дома культуры. 

Удзельнікі выступалі ў розных намінацыях - падрыхтавалі тэатральныя і літаратурныя нумары, дэманстравалі танцавальныя і вакальныя здольнасці.

Падобныя канцэрты, фестывалі і сустрэчы сталі добрай традыцыяй напярэдадні Новага года. Бо галоўнае ў гэтыя святочныя дні - не пакінуць без увагі тых, каму яна асабліва неабходная. На працягу месяца дарыць усмешкі і эмоцыі будуць выхаванцам дзіцячых дамоў, цэнтраў рэабілітацыі, бальніц. 

Цэнтральнай падзеяй акцыі стане галоўная ёлка. У Мінск на свята запрошаны амаль дзве з паловай тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з ўсёй краіны. Шчодры марафон будзе доўжыцца да 10 студзеня.