У Мінскай вобласці збор бярозавага соку пачаўся на два тыдні раней

21 марта 2019

На сёння сакавітыя дрэвы прынеслі больш за шэсцьдзясят тон прадукту. Пакуль ноччу ёсць замаразкі,  сок збіраюць літаральна па кроплях. Але спецыялісты ўпэўнены:  інтэнсіўнасць збору павялічыцца з павышэннем тэмпературы паветра. 

На паліцах  магазінаў  хутка з'явіцца бярозавы сок новага сезона  з мятным, гранатавым і  хлебным  водарам. Больш падрабязна -  Наталля Кезік.

Шэсць гадоў Яўген Бойка веснавы сезон у лесе адкрывае з вандровак па бярозавым гаі. Ляснік на сваім участку адказвае за збор соку. Пад наглядам паўтары тысячы бяроз. Кожную неабходна агледзець і своечасова забраць поўныя мяшкі. Сакавіты сезон  кароткі, прыкладна два тыдні. 

Пра месцы, дзе самастойна можна збіраць сок, даведацца можна ў лясніцтвах. За незаконнае падсочванне дрэў прадугледжаны штраф – без малога паўтысячы рублёў.

У сакавіты сезон адна дарослая бяроза за дзень можа даць 20-30 літраў соку. У Старадарожскім лясніцтве на сёння падсочана 5 тысяч дрэў. І за імі неабходны пільны догляд. Бярозавы сок пад ляснымі сонечнымі прамянямі можа скіснуць літаральна за некалькі гадзін. 

Таму сок са старадарожскіх лясоў адразу адпраўляюць на перапрацоўку.

Там карысны лясны напітак правяраюць на экалагічнасць і натуральнасць. Сыры прадукт ачышчаюць, стэрылізуюць і адпраўляюць на вытворчасць. 

За суткі завод можа перапрацаваць прыкладна 30 тон соку. Тут гатуюць бярозавы фрэш з чарніцамі, яблыкам, гранатам. Нават з водарам мяты альбо хлеба. Беларускі сок ужо рассмакавалі і за мяжой. На экспарт прадпрыемства адпраўляе не толькі закансерваваны прадукт, але і паўфабрыкат – сок, які прайшоў ачыстку і тэрмічную апрацоўку.