У Мінскай вобласці пройдуць пазапланавыя рэйды па праверцы ацяпляльных катлоў

21 марта 2016

У Мінскай вобласці пройдуць пазапланавыя рэйды па праверцы ацяпляльных катлоў не толькі на сельгаспрадпрыемтсвах, але і ў прыватных дамах. Звязана гэта з інцыдэнтам на малочна-таварнай ферме ў Смалявіцкім раёне. Напярэдадні там адбыўся разрыў ацяпляльнага катла. Узгарання кацельні ўдалося пазбегнуць, тым не менш значна пашкоджана памяшканне. Наша здымачная група выехала на месца здарэння.

Разбураныя пліты перакрыцця, сцены, і, нарэшце, сам кацёл – такі вынік інцыдэнту, які здарыўся на малочна-таварнай ферме. Зараз тут працуюць спецыялісты Дзяржнагляду, супрацоўнікі МНС і Следчага камітэта. Трэба выявіць дакладную прычыну, чаму абсталяванне выйшла са строю.

Да канца дня разбураны будынак цалкам расчысцяць. Аднак ацяпленне трэба будзе аднавіць. За лета як раз паспеюць зрабіць новы праект і пабудаваць кацельню, праўда, закупіць плануюць іншае, больш надзейнае абсталяванне.

Як правіла, такія інцыдэнты часцей за ўсе здараюцца перад пачаткам абагравальнага сезона і вясной, пакуль надвор'е яшчэ не вельмі стабільнае. У групу рызыкі трапляюць не толькі прадпрыемствы, але нават і прыватныя дамы, дзе ёсць такія ж катлы.

Супрацоўнікі МНС па-за планам правераць ацяпляльнае абсталяванне ў розных раёнах вобласці, каб прадухіліць новыя інцыдэнты.