У Мінскай вобласці прайшлі спаборніцтвы паміж сабакамі

2 октября 2017

Хаскі, лабрадоры, маламуты разам з гаспадарамі ўдзельнічалі ў забегах. Гэта спартсмены з Літвы, Латвіі, Эстоніі і нават Вялікабрытаніі. Дыстанцыі розныя. Як для прафесіяналаў, так і для аматараў. Наталля Кузьміцкая пра самы шчыры і сяброўскі спорт.

Бумер, Джыпа, Айджэй і Майл - аляскінскія хаскі Сяргея Валынкіна. Вёрткія і спрытныя сабакі, прызначаныя спецыяльна для гонак, імгненна развіваюць вялікую хуткасць. Чарговая прабежка, асабліва ў запрэжцы, ім заўсёды на радасць.

Язда на карце з чатырма сабакамі - адна з дысцыплін трэцяга этапа Кубка Балтыкі. Адмысловага першынства, у якім каманды спартсменаў складаюцца з тандэма гаспадара і яго гадаванца. Усяго этапаў пяць – яны ладзяцца ў Літве, Латвіі, Эстоніі і Расіі, а з мінулага года і ў Беларусі.

Дарэчы, самая папулярная дысцыпліна – канікрос, калі сабака цягне за сабой бегуна. Тут у прамым і пераносным сэнсе спартсмен і яго касматы памочнік звязаныя адзін з адным.

На фінішы спартсмены з Літвы, Латвіі, Эстоніі і нават Вялікабрытаніі. Аднак сур'ёзную канкурэнцыю ім складаюць члены Беларускага клуба паўночных ездавых сабак.

Як від спорту гонкі на сабаках з'явіліся ў Паўночнай Амерыцы і былі ўключаны ў праграму першых зімовых Алімпійскіх гульняў. Апошнім часам цікавасць да такіх незвычайных спаборніцтваў толькі расце, тым больш што няма ніякіх абмежаванняў – парода і ўзрост удзельнікаў не маюць значэння.

Самая відовішчная частка спаборніцтваў - дзіцячыя забегі. Нягледзячы на паслухмянасць галоўнай рухомай сілы, усё ж такі некаторыя хвастатыя большыя за сваіх кампаньёнаў, побач з такім тандэмам да пэўнага ўзросту звычайна бяжыць і дарослы.

У лістападзе ў Літве адбудзецца фінальная гонка Кубка. А ў наступным сезоне чатырохлапых атлетаў чакаюць спаборніцтвы па зімовых відах ездавога спорту.