У Мінскай вобласці знікае больш як 2,5 тысячы чалавек за год

8 сентября 2014

Сёлета небывалы ўраджай у беларускіх лясах. Аднак і тут два бакі медаля - грыбны бум справакаваў усплёск колькасці прапаўшых без весткі. Так, на днях аператыўнікі аб'явілі страшную статыстыку: штогод толькі ў Мінскай вобласці знікае больш як дзве з паловай тысячы чалавек. І ўсё ж большую частку людзей удаецца адшукаць, а хтосьці і сам вяртаецца. Спецыялісты гавораць: у большасці выпадкаў вінаватыя самі людзі.

Што ж рабіць у такіх сітуацыях, даведваўся Аляксандр Савенка.


Што робяць грыбы з людзьмі - пра гэта апошнімі днямі ўсё часцей сталі гаварыць праваахоўнікі. Першай ахвярай сезона ціхага палявання стаў 79-гадовы стары. Яго цела знайшлі напярэдадні ў лесе. Пенсіянер пакінуў дом яшчэ ў чацвер. Хутчэй за ўсё праверка высветліць - мужчына заблудзіў і альбо ад праблем з сэрцам, альбо ад абязводжвання памёр.


Сяргей Басько, супрацоўнік прэс-службы УУС Мінскай вобласці: У тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў звярнуліся ўжо больш як 40 чалавек - сваякоў з заявай аб знікненні блізкіх, якія пайшлі ў лес за грыбамі-ягадамі і зніклі. На гэты момант знойдзены 33. 7 чалавек лічацца ў вышуку.


У групе рызыкі грыбнікоў, якія прапалі, першы радок займаюць пенсіянеры. Менавіта пажылыя людзі, якія не разлічваюць свае сілы, становяцца ахвярамі грыбнога буму. Дарожка з баравікоў, якая так вабіць аматараў ціхага палявання, часта заканчваецца ў непраходным гушчары. Выйсці адтуль складана нават падрыхтаванаму чалавеку.


Віталь Навіцкі, памочнік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі: З-за асаблівасцяў чалавечага арганізма, калі чалавек ідзе прама без арыенціраў, то насамрэч ён ходзіць кругамі. Як хадзіць прама? Вельмі проста - правіла трох пунктаў. Вы становіцеся каля аднаго дрэва, выбіраеце адно дрэва ззаду, адно спераду. Усе тры павінны быць па адной прамой. Даходзіце да наступнага і выбіраеце наступныя дрэвы.


Дапаможа і вядомае ўсім ау! Калі адказу няма, проста ідзіце на гук. Цягнікі чуваць за 7 км, шум аўтамабіляў можна ўлавіць за 4, а брэх сабакі разносіцца на 3 км. Паспрабуйце патэлефанаваць па мабільным тэлефоне.


І дасведчаныя грыбнікі могуць згубіцца сярод трох хвой. Менавіта таму галоўнае правіла для ўсіх: калі заблудзіў - не нервуйся. У лесе ў тых, хто панікуе, сілы растаюць проста на вачах.