У Мінскай вобласці праходзіць фестываль праваслаўнай моладзі

19 июля 2014

Паводле традыцыі, форум пачынаецца з хрэснага ходу - ўрачыстага шэсця з абразамі і харугвамі. Вернікі моляцца і спяваюць песні. У гэты раз хрысціяне прайшлі 30 кіламетраў - ад Івянца да Валожына.


З падрабязнасцямі Аляксандра Драгун. На першы погляд, вернікі чакаюць літургію. Але грувасткія сумкі і спальныя мяшкі за плячыма вернікаў гавораць аб доўгім падарожжы.


Трэці год запар Мінская епархія ладзіць маладзёжны фестываль. Распачынаюць яго, традыцыйна, з крыжовага шляху. Сабраліся сёлета ля Свята-Еўфрасіннеўскай царквы, што ў Івянцы. Да Валожына прыйдзецца пераадолець 30 кіламетраў.


Хрэсны шлях - урачыстае шэсце з абразамі і харугвамі. Падчас пілігрымкі вернікі разам спяваюць і моляцца - ўзводзяць не мураваны - жывы храм пад адкрытым небам.


Некаторыя вернікі ідуць амаль тыдзень - спачатку ўдзельнічалі ў адным хрэсным шляху, цяпер далучыліся да пілігрымкі па Валожынскім раёне. Тых, у каго дзясяткі кіламетраў на рахунку, пазнаць няцяжка - па адпаведным загары.


Дрэс-коду падчас пілігрымак не існуе. Але ў агульным строі можна заўважыць вернікаў у аднолькавым адзенні - як знак прыналежнасці да пэўнай хрысціянскай суполкі. Алена наведвае клуб Святога Доўманта Пскоўскага. Разам з аднадумцамі вывучае медыцыну, падарожнічае і займаецца нават каратэ. Таму хадзіць у пілігрымках прызвычаілася ў любое надвор'е.


Сёння новыя вернікі далучыліся да святкавання фестывалю. Майстар-класы па танцах, конкурсы па сілавым экстрыме, горад майстроў і канцэртная праграма… А заўтра ў 9 раніцы на цэнтральнай плошчы ў Валожыне вернікі збяруцца на супольную малітву.