У Мінскай вобласці праходзіць акцыя "Лета без дыму і агню"

18 июля 2017

Ратавальнікі наведваюць дзіцячыя ўстановы і звычайныя размовы ператвараюць у гульні. Дзеці дакладна запамінаюць, што трэба рабіць падчас надзвычайных сітуацый, калі праграма для іх па-сапраўднаму цікавая. Падрабязней - Антаніна Станкевіч.

Сённяшняя раніца ў дзіцячым лагеры “Салют” пачалася не з піянерскага горна ці зарадкі, а з трывожнай сірэны. Праўда, што рабіць у такой сітуацыі, тут ведаюць дасканала. Ніякай панікі: дзеці спакойна выходзяць на галоўную пляцоўку, важатыя спакваля пералічваюць усіх па галовах, начальнік лагера дакладвае, што ўсе на месцы.

А далей для дзяцей – карысная інфармацыя, але выключна ў гульнявой форме. Кожнаму трэба прайсці нескладаныя этапы: напрыклад, за 30 секунд апрануць ратавальную форму. Альбо паспрабаваць разгарнуць цукерку ў крагах – гэта тая яшчэ задачка. За кожны этап дзеці атрымліваюць фішкі – іх потым мяняюць на карысныя рэчы: тэматычныя сшыткі, расклады заняткаў ці дыванок для камп'ютарнай мышы.

Фінальны акорд святочнай праграмы – своеасаблівы дзень Нептуна. Кожны можа не толькі папрацаваць з пажарным рукавом, але і патрапіць пад адмысловы душ. Начальнік лагера таксама з задавальненнем прымярае форму. Упэўнены, што такія мерапрыемствы проста жыццёва неабходныя.

Такія акцыі ад ратавальнікаў ў гэтыя дні праходзяць па ўсёй вобласці не толькі ў летніх, але і спартыўных і працоўных лагерах. Карысныя веды лішнімі не будуць нават падчас канікул.