У Мінскай вобласці працягваюцца палявыя работы

30 сентября 2016

Зараз адзін з галоўных акцэнтаў - уборка кукурузы на зерне. Разам са збожжавымі агульны ўраджай перавысіць два мільёны тон. Наперадзе Слуцкі, Нясвіжскі, Любанскі і Дзяржынскі раёны.

А вось у Клецкім сёння святочны настрой. У гэтыя хвіліны там выбіраюць лепшага «Уладара сяла». 21 сям'я прэзентуе свае падворкі і частуе гасцей. Гаспадары спаборнічаюць між сабой - хто хутчэй наколіць дроў ці лепш запражэ каня. Іх майстэрства і мясцовы каларыт ацаніла Юлія Токар.

Клецкі раён гасцінна сустракае лепшыя сем'і вобласці. У аграгарадку Янавічы дзясяты раз выбіраюць «Уладара сяла». 21 сям'я з розных раёнаў прыехала прадэманстраваць свае традыцыі, пазмагацца ў спартыўным марафоне і паказаць творчыя здольнасці.

Сямейная выстава – гэта творчая прэзентацыя падворкаў. Тут і дары агарода, і кулінарныя стравы гаспадыні, і адметныя кампазіцыі ручной працы. Усё тое, што адраджае сельскі каларыт сям'і.

Таццяна Салата – маці дружнай і творчай сям'і. Гаспадыня прывезла на конкурс выставу ўласных вырабаў. Карціны, кветкавыя кампазіцыі, адзенне з воўны – усё, што робіць уласнымі рукамі.

«Уладары сяла» - пераможцы абласнога конкурсу, якія стануць вядомыя сёння вечарам, напрыканцы кастрычніка прадставяць Мінскую вобласць на рэспубліканскім фестывалі.