У Мінскай вобласці працягваюцца адборачныя этапы конкурсу WorldSkills

26 февраля 2020
Спаборніцтвы сярод майстроў стартавалі восенню. Ужо выбралі пераможцаў больш чым у 20  намінацыях. У найбліжэйшы час адборы  пройдуць сярод геадэзістаў, сантэхнікаў і электраманцёраў. 

Згодна з умовамі конкурсу, на рэспубліканскім этапе Мінскую вобласць прадставяць больш за 30 чалавек  у 31 кампетэнцыі. Хто ўжо рыхтуецца да рэспубліканскага этапу - у нашым сюжэце. 

Тэхніку нарэзкі Алеся Шылец цяпер адточвае кожны дзень. Шаткаваць цыбулю неабходна пад правільным вуглом і з пэўнай хуткасцю. Менавіта на такія параметры зважае прафесійнае журы конкурсу WorldSkills. Алеся ўжо абышла з дзясятак канкурэнтаў у Мінскай вобласці, здзівіўшы журы нестандартнай падачай стравы. Цяпер рыхтуецца да рэспубліканскага фіналу. 

Да абласнога этапу конкурсу навучэнка трэцяга курса Смілавіцкага ліцэя рыхтавалася некалькі месяцаў. Самастойна распрацоўвала рэцэптуру і падачу страў. Цяпер чарга за меню на фінал, але сакрэтныя інгрэдыенты повар пакуль не раскрывае. 

Валерыя Палятаева таксама пакуль не паказвае фінальныя лякалы жакета. Заданне прафесійнага конкурсу ў вобласці, сцвярджае навучэнка Барысаўскага каледжа, амаль не адрозніваецца ад задачы на фінал. Галоўнае - тэхніка кройкі і роўная строчка. 

Прафесію швачкі Валерыя Палятаева атрымала год таму, зараз вучыцца на  цырульніка. Сёлета яна заканчвае каледж у Барысаве. І ў арсенале маладога спецыяліста будуць адразу дзве прафесіі і магчыма перамога ў рэспубліканскім фінале WorldSkills.

Сярод лепшых навучэнцаў-цырульнікаў у вобласці  Марыя Казыра. Зараз у майстра  чарга з кліентаў-аднакурснікаў. Але студэнтку трэцяга курса такі ажыятаж толькі натхняе на новыя перамогі. Наперадзе ў Марыі таксама рэспубліканскі этап WorldSkills.

Адборы лепшых па прафесіі сярод навучэнцаў у вобласці пачаліся яшчэ восенню. Конкурсы праходзілі спачатку ў кожным раёне. На абласным этапе ўжо спаборнічалі каля 200 навучэнцаў. Перамогу і права прадстаўляць Мінскую вобласць у фінале атрымалі два дзясяткі канкурсантаў.