У Мінскай вобласці працягваюць ліквідаваць наступствы ўрагану

26 июля 2016

У Мінскай вобласці працягваюць ліквідаваць наступствы ўрагану, які прайшоў па тэрыторыі Беларусі два тыдні таму. Аварыйныя дрэвы ўздоўж дарог прыбраныя. І зараз работнікі лясгасаў перамясціліся ўглыб лясоў. Найперш неабходна апрацаваць драўніну, прыдатную для вытворчасці, а затым нарыхтоўваць дровы. Антаніна Станкевіч больш падрабязна.

Мікалай Місюль за свае амаль 35 гадоў працы ў лясгасе такое бачыць упершыню. Яго родны Вілейскі раён стыхія абмінула бокам, а вось у Смалявіцкім пагаспадарыла ад душы. Ужо тыдзень як мужчына з калегамі ў камандзіроўцы. Дапамагаюць суседзям справіцца з наступствамі мацнейшага ў вобласці «дрэвападу».

Зараз у Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах - менавіта яны больш за іншыя пацярпелі ад разгулу стыхіі - на падмогу прыйшлі брыгады з усіх раёнаў Мінскай вобласці. Брыгады па 20-40 чалавек працуюць на працягу тыдня, потым іх змяняюць калегі. Работы шмат: трэба прыбраць паваленыя дрэвы, найперш тыя, што пагражаюць жыццю і здароўю людзей.

Дапамагаюць не толькі рабочымі рукамі, але і тэхнікай. Зараз у двух пацярпелых раёнах працуюць амаль 50 харвестраў. І гэта не лічачы трактароў і самазвалаў.

Якую шкоду нанёс ураган - пакуль цалкам падлічыць немагчыма. Аднак зараз работнікі лясгасаў спрабуюць мінімізаваць гэтыя лічбы. Частка драўніны пойдзе на паліва прыватных падворкаў і кацельняў, што працуюць менавіта на дровах.

Работы па навядзенні парадку плануюць скончыць не раней за лістапад. І гэта толькі ў тых месцах, куды тэхніка можа пад'ехаць адносна лёгка. У забалочаных і цяжкадаступных раёнах працаваць будуць да вясны.