У Мінскай вобласці працягваецца нарыхтоўка ягад і грыбоў

10 августа 2016

Прадпрыемствы спажыўкааперацыі ўжо закупілі ў насельніцтва каля 13 тон лісічак і 740 тон чарніц. Лясная прадукцыя ідзе на продаж і перапрацоўку. Дарэчы, на адным з кансервавых камбінатаў аб'яднання сёлета пачалі вырабляць саленні і марынады не толькі са звычайных белых грыбоў і лісічак, але і з шампіньёнаў.

Больш падрабязна Наталля Кузьміцкая. 

Надвор'е сёння спрыяе аматарам ціхага палявання. Працоўны дзень Ларысы Міхайлаўны пачынаецца а пятай гадзіне раніцы і заканчваецца каля адзінаццаці. Такі незвычайны графік, прызнаецца, вызначыла сама. Жанчына ўжо даўно на пенсіі, але ўлетку ніколі не адмаўляе сабе ў задавальненні паблукаць па лесе з кошыкам.

Апошнім часам увесь сабраны лясны ўраджай здае. Невялікі заробак ідзе ўнукам на цукеркі. З пачатку сезона збору ўздзенскія нарыхтоўшчыкі ўжо закупілі ў насельніцтва 30 тон чарніц і амаль 600 кілаграмаў лісічак.

Лясныя дары трапляюць на прылаўкі сталічных рынкаў і раённых гандлёвых пляцовак. Выконваюць райспажыўсаюзы і заказы перапрацоўчых заводаў.

На невялікіх вытворчых плошчах Чырвонаслабодскага кансервавага камбіната вырабляюць каля 10 найменняў толькі грыбной прадукцыі.

Айчынны вытворца сёння імкнецца скласці канкурэнцыю замежнай прадукцыі. Эксперыментуе з рознымі формамі ўпакоўкі і рэцэптурамі. Павялічвае асартыментны пералік, каб прапанаваць пакупнікам разнастайны смачны тавар.