У Мінскай вобласці працягваецца сезон збору журавін

26 сентября 2017

Не толькі карысныя морсы, джэм і варэнне, але і сезонны прыбытак. Зараз у Мінскай вобласці працягваецца сезон збору журавін. Гэтыя ягады ўстойлівыя к замаразкам. Але ж збіраць іх можна толькі ва ўстаноўленыя тэрміны.

Антаніна Станкевіч адправілася ў крупскія балоты.

Якіх толькі жартаў мы не пачулі, перш чым трапіць у багну! Больш за ўсё дасталася гарадскому абутку: красоўкі аніяк не пасуюць для такой мокрай справы. Праўда, запаслівыя жанчыны заўсёды маюць зменку ў багажніку – як раз знайшлося дзве пары гумавых ботаў. Інакш карысную ягаду сабраць нельга: журавіны любяць вільгаць і хаваюцца ад цікаўных вачэй далёка ў балоце.

Адразу ягад і не бачна. Аднак вопытныя зборшчыцы пераконваюць: журавін сёлета як ніколі. Замаразкі ў маі і халоднае лета ніяк не паўплывалі на колькасць ягад. А таму мясцовыя жыхары не застануцца без морсаў і варэння.

Збор журавін – справа нялёгкая: вада, спякота ў сонечныя дні і холад у больш пахмурныя. Аднак Галіна Кляшчонак – таксама аматар збору журавін - прызнаецца: для яе гэта нешта сярэдняе паміж хобі, адпачынкам і дадатковым заробкам.

Самыя ягадныя месцы можна лёгка пазнаць па абочынах уздоўж балота. Нават у будны дзень сюды прыязджаюць сем'ямі. І як гэта ні дзіўна, менавіта цэнтральны рэгіён звычайна лідзіруе ў колькасці сабранай ягады.

Сёння журавіны прымаюць па два рублі за кілаграм як прыватныя нарыхтоўшчыкі, так і раённая спажывецкая кааперацыя. Пункты прыёму, як правіла, размяшчаюцца ў вясковых крамах. Схема простая: ураджай узважваюць і тут жа разлічваюцца. Пасля ягада накіроўваецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы, а таксама ў рознічны гандаль на рынкі і восеньскія кірмашы.

Збіраць карысную ягаду можна толькі ўручную. За выкарыстанне так званых камбайнаў – механічная прылада моцна шкодзіць ягадніку – можна атрымаць штраф амаль на 500 рублёў.