У Мінскай вобласці працягваецца прэс-тур журналістаў з Украіны

19 февраля 2015

Візіты прадстаўнікоў масмедыя з розных краін ужо сталі традыцыяй. Кожнаму рэгіёну Беларусі заўсёды ёсць што паказаць. Сёння тэлекамеры і мікрафоны ўкраінцаў накіраваліся ў Дзяржынскі раён. Што ўбачылі госці і чаму важна развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва?

Погляды і меркаванні калег пачуў Аляксей Кандраценка.

Сёння Фаніпаль у авангардзе інвестыцыйных і прамысловых праектаў. Тут пабудуюць адразу пяць буйных заводаў, 4 здадуць ужо сёлета. Адсюль і павышаная цікавасць, прычым не толькі з боку журналістаў.

Сучасныя тэхналогіі і стапрацэнтная аддача ад інвестыцый. Выраб электрацягнікоў на заводзе «Штадлер-Мінск» - прыклад таго, як эканоміка ў прамым сэнсе пераходзіць на інавацыйныя рэйкі. Журналістаў з Украіны цікавіць усё. Тэлекамеры, дыктафоны і фотатэхніка працуюць у рэжыме нон-стоп.

Сяргей Таміленка, першы сакратар Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны:

"Гэта канцэнтраваная магчымасць для вялікай колькасці журналістаў, а гэта 30 рэдактараў з усёй Украіны і Кіева, за кароткі час убачыць максімум інфармацыі і зрабіць зрэз актуальнага і сучаснага жыцця ў Беларусі".

Яшчэ адна тэма - сельская гаспадарка. Вопыт беларускіх аграрыяў заўсёды запатрабаваны. І тут у якасці гіда - агракамбінат «Дзяржынскі». Рэпартажы пра яго ў розных кутках Украіны не застануцца без рэзанансу. А значыць, у міжрэгіянальным супрацоўніцтве ўзнікнуць новыя нагоды быць бліжэй. Менавіта таму тэлежурналіст Лера Забірка кожнае месца прэс-тура пераўтварае ў яркі сюжэт.

Ужо заўтра прэс-тур перамесціцца на поўдзень сталічнага рэгіёна. Госці з Украіны наведаюць Нясвіжскі замак.

Аптымальнае месца для таго, каб напрыканцы паездкі змяніць фармат - з журналіста на турыста. Зрэшты, якасных і цікавых матэрыялаў ад гэтага менш не будзе.