Упершыню ў цэнтральным рэгіёне створаны медыцынскі атрад

25 июля 2016

Годны заробак, новыя сябры і магчымасць вызначыцца з будучай прафесіяй. У Мінскай вобласці працягваецца набор у студэнцкія працоўныя атрады. Сэрвісныя, педагагічныя, будаўнічыя, сельскагаспадарчыя - працаўладкаванне на лета прапаноўваюць 260 студатрадаў. 

Упершыню ў цэнтральным рэгіёне створаны медыцынскі атрад – зараз ён працуе ў Жодзінскай гарадской бальніцы. Усяго на тэрыторыі Мінскай вобласці зараз задзейнічана дзве тысячы студатрадаўцаў. Надзея Сербіненка – аб працоўных будных днях студэнтаў.

Сёлета ў старшакласнікаў і студэнтаў цэнтральнага рэгіёна з'явілася яшчэ адна магчымасць працаўладкавацца на лета. Першыя медыцынскія студатрады зараз працуюць у некалькіх раёнах вобласці.

Вымыць падлогу да бляску, апрацаваць усе паверхні антысептыкам, працерці пыл у тым ліку і на сценах. За ідэальным парадкам і стэрыльнасцю ў рэанімацыі жодзінскай бальніцы дапамагае пільна сачыць і Таццяна Шыбко. Дзяўчына стала першай удзельніцай медыцынскага студатрада «Санітар» у Мінскай вобласці.

Жодзінская гарадская бальніца ахвотна прыняла на працу першы студэнцкі медатрад. Зараз тут працуюць навучэнцы жодзінскага каледжа і старшакласнікі школ. Для кожнага знайшлася свая праца: хлопцы кантралююць прапускны рэжым на ўваходзе ў бальніцу, перадаюць пасылкі для пацыентаў. Дзяўчаты прыбіраюць у аддзяленнях, дапамагаюць медсёстрам.

На тэрыторыі Мінскай вобласці зараз працуе больш за 100 студэнцкіх атрадаў рознага профілю. У іх задзейнічаны амаль дзве тысячы маладых людзей. Толькі ў Жодзінскім раёне - дзевятнаццаць студэнцкіх атрадаў.

Зараз ідзе трэці працоўны семестр. Ён завершыцца толькі ў кастрычніку. Таму Саюз моладзі працягвае набор у студатрады. У спісе самых папулярных напрамкаў – будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, сэрвісныя, педагагічныя і экалагічныя атрады.