У Мінскай вобласці працягваецца акцыя "Зімняя гума"

1 декабря 2016

Павінны пераабуцца. У Мінскай вобласці працягваецца акцыя "Зімняя гума". Згодна з правіламі дарожнага руху,  выкарыстоўваць шыны з зімовым малюнкам пратэктара неабходна з 1 снежня па 1 сакавіка. За невыкананне гэтага патрабавання прадугледжана папярэджанне або штраф у памеры  да 1 базавай велічыні. З раніцы інспектары ДАі распачалі прафілактычныя рэйды. Наталля Кузьміцкая далучылася.

Трэці год запар з надыходам снежня аўтаўладальнікі павінны абавязкова змяніць гуму. Зіма кліматычная сёлета пачалася раней, чым каляндарная, таму многія паспелі пераабуцца загадзя. Тым, хто яшчэ цягне з гэтай справай, падагрэюць жаданне прыехаць на шынамантаж інспектары ДАІ.

З раніцы экіпаж Аляксандра Чарнаўчыца і Сяргея Пракопчыка працуе на ўчастку дарогі М3. За некалькі гадзін ужо выпісалі некалькі штрафаў. Для тых, каго затрымліваюць першы раз, грашовае пакаранне складае да 21 рубля. За паўторнае парушэнне на працягу года аўтаўладальнікаў чакае штраф ад 42 да 150 рублёў. Акцыя “Зімняя гума” будзе праходзіць у Мінскай вобласці на працягу чатырох дзён. 

Згодна з правіламі, у нашай краіне ездзіць на зімовых шынах абавязкова з 1 снежня па 1 сакавіка. Пры гэтым вышыня пратэктара павінна перавышаць 4 міліметры.

Між тым інспектары ДАІ звяртаюць ўвагу і на культуру ваджэння. У зводках пачасціліся выпадкі наезду на пешаходаў менавіта на нерэгулюемых пераходах. Кароткі светлавы дзень прымушае і вадзіцеляў рухацца максімальна асцярожна, і пешаходаў мець пры сабе святлоадбівальныя элементы.

Найбольшая колькасць транспартных траўм прыпадае менавіта на зімовы перыяд. Каб мінімалізаваць колькасць здарэнняў, прафілактычныя рэйды ДАІ і сустрэчы з усімі ўдзельнікамі дарожнага руху працягнуцца.