У Мінскай вобласці асвойваюць сучасныя сусветныя спосабы узвядзення шматкватэрных дамоў

15 августа 2016

Нямецкія тэхналогія і беларуская рэалізацыя – у Мінскай вобласці асвойваюць сучасныя сусветныя спосабы узвядзення шматкватэрных дамоў.

Так, напрыклад, на Барысаўскім будаўнічым прадпрыемстве поўнасцю аднавілі вытворчасць.

Такім чынам рабатызаванае абсталяванне і новыя тэхналогіі работы дазволілі павялічыць якасць матэрыялаў, а таксама значна знізіць тэрміны будаўніцтва і кошт жылля. Аб плюсах новых тэхналогій - Ян Пашкевіч.

Не менш як паўтары тоны сетак і каркасаў для будаўнічых панэляў – такі вытворчы план зваршчык Сяргей Трыпуцень лёгка закрывае за адну змену. Дэманстраваць адметную прадукцыйнасць спецыялісту дапамагае механічны напарнік – аўтаматызаваны станок, які самастойна вымярае, абразае і зварвае элементы арматуры. Рабатызаваныя супрацоўнікі на заводзе з'явіліся два гады таму, пасля поўнай мадэрнізацыі вытворчасці.

Нямецкім і італьянскім на прадпрыемстве стала не толькі абсталяванне, але і тэхналогія вытворчасці. Металічны каркас будаўнічай панэлі абрастае бетоннай масай па прынцыпе бутэрброда – паміж двума слаямі бетону адразу усталёўваюць уцяпляльнік з пенапласту або мінеральнай ваты.

На кожным этапе вадкі бетон ушчыльняюць на рухомай платформе, якая моцнай вібрацыяй выдзяляе з вырабу бурбалкі паветра. Потым ужо ідэальна роўныя панэлі на працягу сутак сохнуць у спецыяльнай печы.

Яшчэ тры гады таму на прадпрыемстве выраблялі вось такія панэлі. Нават непрафесіянал лёгка мог заўважыць, што яны вельмі шурпатыя. Сучасныя ж панэлі амаль ідэальна роўныя. Як гавораць спецыялісты, хоць адразу шпалеры клей.

Вырабленыя па новай тэхналогіі бетонныя блокі амаль не патрабуюць дадатковага тынкавання, што значна паскарае тэмпы будаўніцтва. Такім чынам татальны тэхналагічны апгрэйд на прадпрыемстве павялічыў магутнасць вытворчасці ў два разы. Штогод з такога будаўнічага канвеера могуць сыходзіць больш за дзве тысячы трохпакаёвых кватэр.

З пачатку года з сучасных панэляў у Барысаве ўзвялі два жылыя шматкватэрныя дамы. Зараз тут завяршаюць касметычны рамонт пакояў, а ўжо восенню будынкі стануць новым домам больш як для 140 сем'яў. Усяго ж да канца года ў Мінскай вобласці для навасельцаў стануць даступныя звыш мільёна квадратных метраў жылля.